Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выжывалі ў студзені газэты, пазбаўленыя сыстэмы распаўсюду?


Радыё Свабода Для большасьці незалежных газэтаў краіны студзень стаў пачаткам працы ў новых умовах. Шэраг агульнабеларускіх і рэгіянальных выданьняў арганізавалі ўласную сыстэму падпіскі й распаўсюду пасьля таго, як адпаведныя дамовы былі скасаваныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі “Белпошта” і “Саюздрук”. Якім быў мінулы месяц для гэтых газэтаў?

У газэце “Народная Воля” — трэці дзень падпіскі на наступны месяц. Каб здаць квіткі аб аплаце і адрас на дастаўку, чытачы становяцца ў чэргі.

(Спадарыня: ) “Прыйшла выпісваць “Народную Волю” ня толькі для сябе, але выпісала яшчэ і для пляменьніка для свайго, які жыве ў вёсцы ў Полацкім раёне. Вельмі баюся, каб не застацца без газэты”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы прыйшлі падпісацца на газэту?”

(Спадар: ) “Таму што гэта адзіная газэта, дзе існуе праўда. Цяжкасьці ў нас зьявіліся з-за таго, што ўлада яе забараніла. І, канечне, я — як і іншыя падпісчыкі — вельмі і вельмі абураныя”.

Паводле рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча, давядзецца нават перанесьці выхад першага лютаўскага нумару, каб сыстэматызаваць падпіску і зарыентаваць распаўсюднікаў. Газэта будзе выходзіць, аднак у такіх умовах працаваць надзвычай складана, кажа спадар Сярэдзіч.

(Сярэдзіч: ) “Нечалавечымі намаганьнямі мы ўсё ж такі правялі гэты экспэрымэнт. Мы ня толькі тыраж утрымалі. “Народная Воля”, я лічу, нават пачала больш шырока разыходзіцца, чым раней. Бо сёньня мы частку накладу распаўсюджваем з рэклямнымі мэтамі, а гэта значыць, што самыя шырокія колы грамадзкасьці могуць атрымліваць газэту”.

Цягам студзеня “Народную Волю” двойчы арыштоўвалі на мяжы з Расеяй. Спадар Сярэдзіч спадзяецца, што больш гэтая праблема ня зьявіцца. Аднак цяпер у рэдакцыі распачала вялікую праверку падатковая служба.

Сталае кола чытачоў захавала таксама “БДГ. Деловая газета”, аднак рэдактар Пётар Марцаў ня надта аптымістычна глядзіць на пэрспэктыву распаўсюду.

(Марцаў: ) “Няма дзе прадаваць: усе крамы папярэджаныя, што няможна складаць дамоваў на распаўсюд, асабліва падчас перадвыбарчай кампаніі. Вулічныя гандляры скардзяцца, што іх арыштоўваюць, перасьледуюць і гэтак далей. Відаць разьвівацца бліжэйшым часам давядзецца толькі праз Інтэрнэт”.

Падобны стан і ў незалежных рэгіянальных выданьняў. Аднак тут складанасьцяў дадаюць вялікія адлегласьці і няпростыя дачыненьні зь мясцовымі ўладамі. Гаворыць намесьнік рэдактара баранавіцкага выдавецтва “Інтэкс-прэс” Аляксей Белы:

(Белы: ) “Наколькі павялічваецца ціск уладаў, настолькі людзі імкнуцца да нашага выданьня. І знаходзяцца тыя, хто займаецца распаўсюдам нашых газэт у вёсках”.

Паводле рэдактара тыднёвіка “Наша Ніва” Андрэя Дынька, незалежныя выданьні сёньня апынуліся ў стане, падобным на стан заходнебеларускіх газэтаў у 20-х гадах мінулага стагодзьдзя. Гаворыць Андрэй Дынько.

(Дынько: ) “Польскія ўлады імкнуліся забараніць беларускую прэсу. І што выходзіла? Што з рук у рукі перадавалі гэтыя газэты. Тое, што адбылося — забарона незалежнай прэсе распаўсюджвацца — нанесла вялікі ўдар па прэстыжу ўлады і настроіла людзей супраць улады. Я бачу гэта і па пошце рэдакцыйнай, і выношу гэта з тых кантактаў, якіх мы цяпер маем вельмі шмат”.

У 2006 годзе праз сыстэму “Белпошты” нельга падпісацца на такія рэгіянальныя выданьні, як “Газета Слонімская”, “Борисовские новости”, “Биржа информации”, “Витебский курьер”, “Ляхавіцкі час”, “Нясвіжскі час”, “Ганцавіцкі час”, “Местная газета”. Гэтыя ж выданьні нельга набыць у шапіках “Белсаюздруку”.

У падпісным каталёгу “Белпошты” на першае паўгодзьдзе 2006 году засталіся “Брестская газета”, “Бобруйский курьер” (у абласным каталёгу), “Брестский курьер”, “Вечерний Бобруйск”, “Вольнае Глыбокае”, “Газета для Вас” (толькі ў Івацэвіцкім раёне), слуцкі “Інфа-кур’ер”, “Гоман Барысаўшчыны”, “Жодинские вести”, “Информ-прогулка”, “Маладзечанская газета”, “Рэгіянальная газета” (толькі ў Менскай вобласьці) ды яшчэ некалькі выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG