Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія парлямэнтары вядуць перамовы ў Менску


Радыё Свабода Рабочая група ПА АБСЭ на чале зь нямецкай дэпутаткай Утай Цапф, якая ўчора прыбыла ў Беларусь, правяла сёньня перамовы ў Палаце прадстаўнікоў, міністэрствах інфармацыі ды юстыцыі, сустрэлася з галоўнымі рэдактарамі дзяржаўных і незалежных мэдыяў, прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Нагадаем, што ў склад парлямэнцкай дэлегацыі АБСЭ таксама ўваходзяць швэдзкі дэпутат Урбан Алін і ягоны калега зь Вялікабрытаніі лорд Посанбі. Сёньня позна ўвечары заплянаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам беларускага МЗС і некаторымі іншымі беларускімі чыноўнікамі.

За гэтыя два дні спадарыня Цапф не дала ніводнага інтэрвію, матывуючы гэта тым, што мае надзвычай шчыльную праграму. Характэрна, што ад камэнтароў для прэсы ўстрымліваюцца таксама і прадстаўнікі беларускага боку, спасылаючыся на закрыты фармат перамоваў.

Дырэктар інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Алесь Ліпай, які прысутнічаў на сустрэчы рэдактараў недзяржаўных выданьняў, выказаўся вельмі коратка:

(Ліпай: ) “Скажам так, была выслухана інфармацыя пра сытуацыю зь незалежнымі мэдыямі ў Беларусі, і было прадэманстравана паразуменьне”.

Нефармальнай таксама была сустрэча эўрапейскіх парлямэнтароў з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці. У размове са “Свабодай” беларускі сацыёляг Алег Манаеў падзяляўся агульнымі ўражаньнямі:

(Манаеў: ) “У мяне цяпер склалася ўражаньне, што ўся гэтая дэлегацыя ня проста зацікаўленая прыняць нейкі чарговы дакумэнт — у Брусэлі, Страсбуры, у Вене, дзе-небудзь яшчэ, а аказаць практычны ўплыў на тыя працэсы, якія тут адбываюцца як у зьвязку з прэзыдэнцкімі выбарамі, так і зь іншымі падзеямі”.

Як мяркуе прафэсар Манаеў, спадарыня Цапф і яе каманда заўсёды адэкватна ацэньвалі сытуацыю ў Беларусі.

(Манаеў: ) “І калі раней атрымліваліся нейкія калізіі, калі ў Эдынбургу падпісваліся пагадненьні з Ардом, то гэта не з-за таго, што спадарыня Цапф чагосьці не разумела і ёй трэба штосьці растлумачыць, а гэта рабілася ў выніку пэўных палітычных ды іншых абставінаў. Яны раней разумелі нашую сытуацыю і цяпер яе добра разумеюць”.

Прыкладна такога ж меркаваньня адносна веданьня Утай Цапф беларускай сытуацыі прытрымліваецца і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў. Сёньня ў часе сустрэчы з эўрапейскімі парлямэнтарамі спадар Канаплёў заявіў: “Рабочая група Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ на чале з Утай Цапф заўсёды добра паінфармавана пра сытуацыю ў Беларусі”. Паводле ягоных словаў, яна нават “ведае тое, чаго б мы не хацелі, каб яны ведалі”.

Падчас сустрэчы зь беларускімі парлямэнтарамі спадарыня Цапф выказала падзяку за запрашэньне назіральнікаў ад АБСЭ на сакавіцкія выбары і заклікала прадстаўнікоў заканадаўчай улады судзейнічаць стварэньню роўных умоваў для ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG