Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юзэфа Найдзюк


Уладзімер Арлоў, Менск Са спадарыняй Юзэфай я сустрэўся, калі не памыляюся, у 1996-м у Кліўлендзе, на традыцыйным зьезьдзе беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Маёй знаёмай ішоў сямідзесяты год, але яна была з тых многіх беларускіх жанчын, якія здольныя захоўваць сваю прыгажосьць праз усё жыцьцё.

Гэтаксама Юзэфа Найдзюк, у дзявоцтве Брэчка, зьберагла адданасьць юначым незалежніцкім марам, што некалі зрабілі яе актывісткаю Саюзу беларускай моладзі.

Пасьля вайны, патрапіўшы перабрацца з савецкай зоны акупацыі Нямеччыны на Захад, яна скончыла Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу, якая выхавала шмат якіх вядомых дзеячоў нашай эміграцыі.

Пра некалькі наступных гадоў жыцьця спадарыні Юзэфы дагэтуль ходзяць легенды. Паводле адной , яна стала радысткаю беларускай дэсантнай групы, была параненая ў баі, але вырвалася з акружэньня і здолела вярнуцца ў вольны сьвет.

Жывучы ў ЗША, Юзэфа Найдзюк уражвала гасьцей зь Беларусі грунтоўным веданьнем нашых сучасных праблемаў – як быццам зь дня ў дзень чытала “Народную волю” ці “Нашу Ніву” .Зрэшты, так і было. Прычым спадарыня Юзэфа хацела, каб праўдзівую інфармацыю маглі атрымліваць як мага больш людзей у самой Беларусі. Дзеля гэтага яна на свае грошы шмат гадоў падпісвала беларускія школы на незалежную пэрыёдыку. Безь яе падтрымкі не абыходзіўся, бадай, ніводзін значны кнігавыдавецкі праект, скіраваны на вяртаньне беларусам гістарычнай праўды.

Яна нарадзілася 1 лютага 1927 году ў Ляхавіцкім павеце, а завяршыла зямны шлях 19 лістапада 2004-га у Пасадэне, штат Каліфорнія (дзе і пахаваная на могілках Forest Lawn Cemetery). Але куды б лёс ні закідваў спадарыню Юзэфу, у яе сэрцы жыла Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG