Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадэты ў Смаргоні гатовыя да страйку


Віталь Сямашка, Смаргонь, Гарадзенская вобласьць Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

...І ўсё-такі ў Смаргоні я сустрэў ня толькі прыніжаных ды зьняважаных. Напярэдадні да вядомага вам праваабаронцы Алеся Дзергачова зьвярнуліся навучэнцы тутэйшай школы-інтэрнату для дзяцей-сіротаў ды тых, што засталіся без апекі бацькоў. Два з паловай гады таму тут адчынілі кадэцкія клясы і выхавацелямі запрасілі афіцэраў запасу. 50-гадовага Ўладзімера Семяненку звольніла дырэктарка Тацяна Ўласенка, разарваўшы кантракт. Былы ўзорны афіцэр ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня пайшоў першы раз у жыцьці на адкрыты канфлікт з начальствам, напісаўшы ліст у абласное ўпраўленьне адукацыі. Вось кароткія вытрымкі зь яго: “Уласенка… зьбірае кампрамат на тых, хто мае адрознае ад яе меркаваньне, матэрыяльную дапамогу разьмяркоўвае з улікам набліжанасьці, адмяніла 40-адсоткавую надбаўку за працу зь цяжкімі падлеткамі”. Дырэктарка ў часе праверкі атрымала вымову. І — пачалося! Распавядае сам спадар Уладзімер:

(Семяненка: ) “У гэты ж дзень выклікала, як толькі камісія зьехала: “Вы ў мяне кандыдат на звальненьне!” Я атрымаў першую вымову, калі адпусьціў выхаванца Наскова — спазьніўся з дому ў школу на паўгадзіны: цягнік прыйшоў у 22.00, мы сыходзім на палову дзясятай. Прымушаюць падпісваць работнікаў школы, што я перашкаджаю працаваць: “будоражу коллектив”. Я напісаў у кнігу скаргаў, што прашу не ахопліваць гэтай справай дзяцей. Як вынік, яна вынесла гэта на сход, і першае пытаньне: хто дазволіў вам пісаць у кнігу скаргаў?!”

Гэты канфлікт, мабыць, як і мноства падобных, патануў бы ва ўзаемных абвінавачаньнях, каб ня вучні. Наступным ранкам пасьля звальненьня Семяненкі два дзясяткі маладых кадэтаў забарыкадавалі свае пакоі ды адмовіліся выконваць загады дырэктаркі. Напісалі зварот да кіраўніка вэртыкалі спадара Гоя, які ў хуткім часе прыехаў разьбірацца. Пра тое, што адбылося, мне на нэўтральнай тэрыторыі распавялі 15-гадовыя Рома ды Артур:

(Рома: ) “Мы з раніцы зачыніліся, ключы пакінулі ў дзьвярах, падпёрлі ложкамі ды крэсламі. Выклікалі нашых камандзіраў, абклалі, што “адстой” ды “адкіды грамадзтва”. Камандзіры сабралі пагоны, аднесьлі ды кінулі. Два хлопцы нават плакалі пасьля гэтага… Мы да Гоя занесьлі пытаньні: куды падзелася “гуманітарка” зь Нямеччыны — адзеньне, шампуні, шакаляд. Самі разгружалі. Пытаньне пра спартзалю, таму што там штовечар граюць староньнія з гораду. І самае першае пытаньне было пра звальненьне Ўладзімера Аляксандравіча — зь якой прычыны?!”

(Артур: ) “Мы называлі яго “бацем”.

Сытуацыя дагэтуль няпэўная: хлопцы гатовы, як яны кажуць, да “страйку”, які фармулююць, як “поўнае непадпарадкаваньне загадам кіраўніцтва”. У інтэрнаце па скаргах кадэтаў ужо працуе мясцовая пракуратура, вэртыкальшчыкі абяцаюць разабрацца цягам дзесяці дзён, да канца студзеня. У спадара Семяненкі ды мясцовай настаўніцы спадарыню Банадыкавай, абазнанай у сутнасьці канфлікту, я спытаўся пры канцы:

(Карэспандэнт: ) “Справа палітычная атрымліваецца?”

(Семяненка: ) “Можна сказаць, што і так”.

(Банадыкава: ) “Кантракт — страшэнны бізун, які можа ўдарыць па кожным, бо зьвяртаюць увагу на тое, як ходзіш, пра што гаворыш. Чалавек зацугляны мусіць трымацца поглядаў начальніка — гэта інкубатар самадурства!”

Увечары таго ж дня на сустрэчу з выбаршчыкамі зьявіўся ў Смаргоні прэтэндэнт у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч, які таксама ўжо быў знаёмы з сытуацыяй. Вось як ён пракамэнтаваў яе:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, тое, што адбылося ў Смаргонскім інтэрнаце для дзяцей-сіротаў, — чарговае сьведчаньне таго, што кантрактная сыстэма, якая, па сутнасьці, робіць чалавека рабом, не дазваляе бараніць сябе, мусіць быць адменена, і, безумоўна, будзе адменена новай уладай. Надзвычай важна, што дзеці адчуваюць несправядлівасьць і спрабуюць бараніць любімага настаўніка. Гэта значыць, што маладое пакаленьне, калі мы кажам, што ні такое, ні сякое, на самай справе можа быць больш маральным, чым часьцяком дарослыя”.

Далей гл. • Смаргонь: “З-за гэтага падману, што з намі робіць Лукашэнка, я за яго галасаваць ня буду”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG