Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Луцкевіч


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

29 студзеня 1884 году – дзень нараджэньня Антона Луцкевіча, чалавека, які разам з братам Іванам вярнуў беларусам статус народу дзяржаўнага.

Сын паўстанца 1863 году, змагара за Рэч Паспалітую, ён зрабіўся барацьбітом за незалежную Беларусь.

Галоўны ідэоляг нашай першай палітычнай партыі – Грамады. Адзін з заснавальнікаў першых легальных беларускіх газэтаў “Наша Доля” і “Наша Ніва”. Аўтар канцэпцыі Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора...

Напярэдадні векапомнага паседжаньня Рады БНР, што адбылося ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году, менавіта Антон Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, а неўзабаве ўзначаліў яе ўрад. Ён жа быў аўтарам гістарычнай Трэцяй Устаўнай Граматы Рады Беларускае Народнае Рэспублікі.

Выключныя заслугі належаць Луцкевічу і ў ягоных іпастасях гісторыка і літаратара, найталенавіцейшага публіцыста Заходняй Беларусі, які па назьве радавога шляхецкага гербу ўзяў сабе псэўданім Антон Навіна. Ён, як рыба ў вадзе, пачуваўся ў тэкстах Францішка Скарыны і працягваў ягоную справу, перакладаючы біблійныя кнігі ўжо на сучасную беларускую мову.

Луцкевіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, але яго, аўтара бліскучых літаратурных дасьледаваньняў, польскія цэрбэры ад адукацыі пазбавілі права выкладаць родную літаратуру “як недастаткова кваліфікаванага”...

У верасьні 1939-га ў залі Беларускай гімназіі адбывалася афіцыйная ўрачыстасьць з нагоды далучэньня Вільні да Беларусі “на векі вякоў”. Луцкевіч ведаў, што такое сталінская дыктатура, але дзеля беларускай справы паспрабаваў шукаць кампрамісу з бальшавікамі. Яго выступ пра новыя далягляды беларускай культуры паблажліва слухаў кіраўнік савецкай адміністрацыі Іван Клімаў. Ён яшчэ ня ведаў, што Масква неўзабаве перадасьць Вільню Літве, але ўжо бачыў складзены ў НКВД сьпіс на арышты віленскіх беларускіх дзеячоў.

У энцыкляпэдычных даведніках замест даты сьмерці Антона Луцкевіча стаяць пытальнікі.

У цяперашняй Беларусі, якой без Луцкевіча і яго паплечнікаў магло б ня быць на палітычнай мапе сьвету, няма ніводнай вуліцы яго імя.

Гл. таксама • Архіў перадачы "Імёны Свабоды"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG