Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мабыць, ня ўсе ведаюць, што Зянон Пазьняк яшчэ пісаў вершы..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў 30 студзеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё абурэньне наконт таго, што сёньня павінен быць паказаны фільм Салжаніцына “У крузе першым”. Паколькі ўвесь тыдзень быў анонс, а замест яго быў паказаны танны амэрыканскі баявік. Нас зноў заганяюць у стойла. Завеса. Як гэта разумець? Я тэлефанаваў сёньня на СТВ, мне кажуць паўсюль, што не аплачана. Але такое ўражаньне, што мы не дарасьлі да гэтага фільма. То бок, Расея яго можа глядзець, а нам нельга, бо рэжым ня той”.

(Спадар: ) “Апошнім часам не перастаю дзівіцца, наколькі ўкаранілася ў чалавечай сьвядомасьці жаданьне жыць не па законам, не ўчытвацца ў законы, каб там знайсьці нешта для сябе карыснае, выкарыстаць на сваю карысьць, а жыць “по понятиям”. Яно і зразумела: ня трэба сябе перагружаць, напэўна, так лягчэй. Што я маю на ўвазе.

Вось праслухаў прыватны дзёньнік дачкі Казуліна Юліі і зьвярнуў увагу, што яна вядзе гаворку пра подпісы, якія трэба завяраць у райвыканкаме. Якія подпісы? У райвыканкаме павінны заверыць толькі асабісты подпіс члена ініцыятыўнай групы, гэта маецца на ўвазе таго чалавека, які зьбіраў гэтыя подпісы. А астатнія подпісы выбаршчыкаў – гэта ня іхняя справа, завяраць іх ці не. Яны, на маю думку, ня маюць права нават іх праглядаць. Дарэчы, я так і зрабіў, калі падпісваў свае аркушы, то я нават не дазволіў пераварочваць на другі бок. Старшыні сельсавету прыйшлося проста падпісваць і ставіць пячатку. Вось і ўся працэдура.

Ну і наконт таго ж Гайдукевіча. Вы ж зноў даеце яго ў эфір па-расейску. Гэты ж чалавек хваліцца, што добра валодае мовай!”

А цяпер наконт Казуліна. Хацеў, каб Радыё Свабода ўдакладніла, ці задаваў хто-небудзь яму пытаньне пра такую арганізацыю як “Воля народу”. Нешта адно маўчаньне вакол гэтага пытаньня. І, па-другое, калі яго дачка чытала свой дзёньнік выдатна па-беларуску, але ні слова не сказала, на якой мове яны размаўляюць у сям’і. Мне здаецца, і тут было жаданьне ўпрыгожыць партрэт свайго бацькі”.

(Спадар: ) “Шаноўнае спадарства! Лукашэнка заявіў, што ён ня вынесе ніякіх выступленьняў усякіх прадстаўніцтваў эўрапейскіх. І калі што, ён іх таксама закрые і на працягу 24 гадзін выселіць. Гэта кажа пра ягоную слабасьць”.

(Валянцін Кавальчук: ) “У Алеся Гаруна ёсьць невялікая замалёўка “Першы сьнег”. Яна пра толькі што выпаўшы на зямлю сьнег, белы, чысты, некрануты – і гэтым прыгожы. Але вось па ім пайшлі людзі і перамяшалі яго з гразьзю. І сьнег стаў непрыгожым.

Дзіця нараджаецца з чыстай душой, але чым больш дарослым яно становіцца, тым больш яго сьветлая душа перамешваецца з жыцьцёвым брудам, як згаданы бялюткі сьнег з гразьзю дарогі. А гэты бруд у душы дзяўчынак і хлопчыкаў уліваем мы, дарослыя. Ад бацькоў, ад знаёмых, ад настаўнікаў дзеці пераймаюць жыцьцёвыя вартасьці, манеры паводзінаў, прыярытэтныя каштоўнасьці.

Яшчэ ў 90-х гадах я часта задаваў людзям пытаньне: “Калі б у вас была магчымасьць назначаць на дзяржаўныя пасады людзей, то якімі б крытэрыямі вы б карысталіся? Каб той чалавек быў добрым палітыкам, ці эканамістам, ці нешта іншае?” Адказы былі розныя, але ні разу я не пачуў таго, чаго хацеў: каб той чалавек меў высокую духоўную культуру. Усё астатняе, грунтоўную эканамічную, палітычную адукацыю, ён набудзе, калі будзе найперш жыць для іншых. Калі ў яго будзе на першым пляне высокая духоўная культура, тады ён будзе сапраўды жыць найперш для другіх, а не для сябе. А ў нас такіх людзей зараз вельмі мала”.

Аднойчы з адной са школ недзе на пачатку 90-х гадоў былы выпускнік пад час сустрэчы на вечары задаў такое пытаньне: “Вось вы нас выхоўваеце чэснымі, сумленнымі. А ў жыцьці мы бачым зусім іншае. Як нам быць?” І сам жа адказаў: “Самімі сабой”. Я дадаў: “Чалавекам, Чалавекам зь вялікай літары”. А гэта вельмі цяжка зараз. Гэта прыраўноўваецца да подзьвігу ў наш час, таму што патрабуе вышэйшага напружаньня ўсіх духоўных сіл чалавека, каб выстаяць, не зламацца, не паддацца адмоўнаму напору нашага часу, тым больш, калі пад маскай праўды маскіруецца такая двудушнасьць, подласьць, што становіцца неяк не па сабе.

Даводзілася часта чуць у вёсцы: “Навошта тая беларуская мова? Абы толькі была кілбаса ды хлеб у магазыне”. Аднак людзі, мабыць, ня ўсе ведаюць, што які б вораг не заваёўваў, ён у першую чаргу стараўся ў гэтым заваяваным народзе забараніць яго родную мову, каб народ не гаварыў на сваёй роднай мове. Таму што мова – гэта душа народу, гэта нацыянальны адбітак народу, сьвядомасьць народу. І калі народ перастане цалкам размаўляць на сваёй роднай мове, то гэта будзе не народ, а нейкі натоўп, якім вельмі лёгка кіраваць будзе. Ён будзе падобны на нейкіх рабоў, на нейкі натоўп людзей, які ня зможа думаць, вырашаць свае праблемы. Таму першая задача зараз мусіць і стаіць, каб беларуская мова была на пэўным узроўні.

Мабыць, ня ўсе ведаюць, што Зянон Пазьняк яшчэ пісаў вершы. Адзін зь яго вершаў называецца “Сябры”.

На скрыжаваньні мне заступілі дарогу трое ворагаў і закрычалі: – мы заб”ем цябе, Зянон! Тут падыйшоў мой сябра і ворагі змоўклі. Але сябра убачыў, што ворагаў трое, сказаў: – Абодвух заб”юць, – перайшоў на іх бок. Тым часам падыйшоў другі сябра. Але убачыў, што іх чацьвера, – сказаў: – Ты павінен мяне зразумець, – стаў на бок чатырох. У гэты час напаткаў мяне трэці сябра. Але убачыў, што іх пяцёра, – без слоў перабег да пяцёх. Тады я сказаў сябрам: – Глядзіце: трое іх, трое вас, я – чацьверты, хіба дазволіце ворагам забіць свайго радака? – Не дазволім, – дружна сказалі сябры. І ворагі адступілі. Так мы і разышліся з таго скрыжаваньня: Ворагі сабе, мы – сабе. Толькі з тае пары я стаў вельмі асьцярожны з сябрамі. Да першага скрыжаваньня.

Дарэчы, я гэты верш чытаў сваім калегам-настаўнікам, мабыць, яны многае не зразумелі”.

Я перадаю пэўную інфармацыю на аўтаадказьнік не для таго, каб вы перадавалі яе ў эфір. Але я не баюся, калі гэта прагучыць у эфіры. Я не заўсёды слухаю вашыя перадачы, толькі тады, калі хочацца. Я проста перадаю інфармацыю пра тое, што мне хочацца сказаць, выказацца, і пра тое, што набалела самому. Дзякуй за цярпімасьць у адносінах да мяне і за ўвагу”.

(Спадар: ) “Хацеў бы сказаць вялікі дзякуй Сяргею Дубаўцу за яго цудоўную, таленавітую, эталён радыйнай перадачы, якая з музыкай Моцарта мне здаецца шэдэўрам за апошні час. Дзякуй табе, Сяргей! Добрага здароўя!

А яшчэ хачу дадаць, што сёньня вось з гэтымі шаблённымі мазгамі людзі не далі ўбачыць і паслухаць канцэрт зь Вены ў гонар Моцарта. Ды яшчэ замест фільма Салжаніцына “У крузе першым” нейкі дурны фільм паказалі. Адным словам, ідзе барацьба паміж індывідуалізмам, культурай, эўрапейскім узроўнем і гэтай шаблённай казарменнай думкай і людзьмі.

Дзякуй вам, Сяргей! Добрага здароўя! І таго посьпеху, які ўзвышае нашае беларуска-праскае радыё!”

(Спадар: ) “Па “Свабодзе” пачуў, што два грамадзяніна падалі скаргу ў Канстытуцыйны суд па пытаньню рэфэрэндуму. А куды дзеліся “Хэльсынскі камітэт”, “Вясна”, “Хартыя-77”, партыі, Лябедзька, Калякін, Вячорка? Чаму яны раней не падалі? А зараз ужо мусіць позна абдумаліся!”

(Спадар: ) “Пачуў жанчыну, якая сказала, што для Беларусі патрэбны такі прэзыдэнт, каб для яго былі перакладчыкі. У нашым 21 стагодзьдзі перакладчыкі патрэбны толькі глуханямым! А галава прэзыдэнта павінна быць як кампутар, ён шмат замежных моваў павінен ведаць! Толькі наш настаўнік Мілінкевіч нашу Беларусь выведзе ў людзі! Alright!”

Некаторыя SMS-паведамленьні 28-30 студзеня

У любы час вы можаце даслаць СМС-паведамленьне на нумар мабільнага тэлефону ў Беларусі 391-22-24. Нумар для СМС-паведамленьняў у Чэхіі (8-10-420) 724 231 968.

“Паездкі апазыцыянэраў – гэта ўсё туфта. Лукашэнка пераможа з 76,8%, і ўсе замоўкнуць назаўсёды (альбо на бліжэйшыя 5 год). Справа ня ў тым, што будуць падтасоўкі (а яны, вядома ж, будуць), а ў тым, што ў галовах беларускага народу сядзіць страх і камунізм, што ў прынцыпе тое самае. А наконт вяшчаньня на РБ, то гэта крута”.

“Ці трэба будзе пасьля перамогі дэмакратычных сілаў аддаваць грошы, выдаткаваныя на ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі? Дзякуй!”

“Было б крута мець адзін апазыцыйны ТВ канал, які б вяшчаў адзін час увечары. Было б цікава, ці пачаў бы Лукашэнка яго глушыць?”

“Удакладніце, калі ласка: З.Пазьняк прапануе ўпісаць ягонае прозьвішча ў народны бюлетэнь ці прозьвішча аднаго з зарэгістраваных кандыдатаў? Васіль”

“Чаму маўчыць зімой перадатчык 15215 khz?”

“Колькі подпісаў сабраў Скрабец?”

“Лічу, што Эўропе неабходна ўвесьці санкцыі на ўезд журналістаў БТ, якія паклёпнічаюць на краіны дэмакратыі. Гэта стрымае запал пасьлядоўнікаў Зімоўскіх і Яфімавых. Пабловіч Аляксандар, Смаргонь”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG