Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штабы патэнцыйных кандыдатаў заняліся арганізацыйнай працай


Радыё Свабода Раённыя камісіі правяраюць здадзеныя подпісы за чатырох патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта: Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Казуліна, Аляксандра Лукашэнку і Аляксандра Мілінкевіча. Чым будуць займацца гэты час іх ініцыятыўныя групы, перадвыбарчыя штабы і самі прэтэндэнты?

Да 11 лютага патэнцыйныя кандыдаты мусяць здаць дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі: заяву, дэклярацыі аб даходах і маёмасьці на сябе і блізкіх сваякоў. Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч зазначыў, што ў яго як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта распачаўся найбольш актыўны этап арганізацыйнай працы:

(Гайдукевіч: ) “Цяпер у мяне часу зусім ня будзе, трэба празь сябе прапусьціць тысячы чалавек, папрацаваць з ініцыятыўнай групай, разы два сабраць усіх кіраўнікоў раённых штабоў і арганізацыяў. Трэба вызначыцца з тактыкай, удакладніць мэтодыку”.

Іншы патэнцыйны кандыдат лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін свае пэрсанальныя пляны на гэты пэрыяд кампаніі трымае ў сакрэце:

(Казулін: ) “Будзе падрыхтоўка паводле плянаў і праграмаў усіх нашых магчымасьцяў, каб згодна з заканадаўствам актыўна ўключыцца ў наступны этап… А канкрэтней? У нашых умовах у такім выпадку лепш свае пляны адразу аддаць у адміністрацыю прэзыдэнта”.

Прэсавы сакратар ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін паведаміў, што публічная дзейнасьць групы да моманту рэгістрацыі кандыдатаў абмяжуецца працай грамадзкай прыёмнай. Ніякіх акцыяў ня будзе, каб не выклікаць заўвагаў з боку ЦВК, сказаў спадар Косьцін. Але арганізацыйная праца працягваецца, і кіраўніка групы Віктара Шэймана цяжка засьпець у Менску:

(Косьцін: ) “Віктар Уладзімеравіч увесь час у разьездах, я зь ім сустракаўся апошні раз у пятніцу, і далей ён зноў паехаў па рэгіёнах. У кіраўніка ініцыятыўнай групы, зразумела, ёсьць свае клопаты”.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч да пятніцы знаходзіцца ў замежнай паездцы. Тым часам сёньня на паседжаньні ягонага перадвыбарчага штабу было вырашана, чым будзе займацца апазыцыйная кааліцыя. Гаворыць прадстаўнік штабу Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Цяпер гэты пэрыяд, дваццаць дзён, будзе прысьвечаны падрыхтоўцы тых матэрыялаў, якія мы будзем падаваць для агітацыі, і падрыхтоўцы людзей да агітацыі і назіраньня”.

Спадар Івашкевіч паведаміў, што на сёньня заплянаваная сустрэча прадстаўнікоў перадвыбарчых штабоў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна дзеля каардынацыі дзейнасьці ў часе кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG