Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Рамановіч


Уладзімер Арлоў, Менск Ён меў кансьпірацыйную мянушку Сокал. Яго мараю з раньніх гадоў была незалежная беларуская дзяржава.

Пад час вайны Кастусь Рамановіч вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, быў сябрам Саюзу беларускай моладзі, а потым -- курсантам афіцэрскай школы Беларускай краёвай абароны ў Менску. Ён адмовіўся ісьці на Захад. Сокал хацеў лётаць толькі над Беларусьсю, але якраз такім, як ён – сьветлым і апантаным – лёс наканоўваў далёкія нябёсы. А найчасьцей – не нябёсы, а клеткі.

Першы арышт у 1944-м. Рамановічу ўсяго 17.

Вяртаючыся праз два гады з варкуцінскіх лягераў, ён, не баючыся, сказаў сустрэтаму на баранавіцкім вакзале знаёмаму: “Ня думай, што мяне запалохалі. Я прыехаў, каб змагацца з гэтай уладай за вольную Беларусь”.

У роднай хаце на Наваградчыне малодшы брацік схаваўся ад незнаёмага дзядзькі пад ложак. Бацька толькі кіўнуў Кастусю і адвярнуўся, зрабіўшы выгляд, што не пазнае “блуднага” сына.

У 1946-м Рамановіч з аднадумцамі заснаваў у Наваградку нелегальны “Саюз вызваленьня Беларусі” і стаў кіраўніком яго фінансавага аддзелу. Мэтаю СВБ быў выхад Беларусі з СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы. Сымбалямі арганізацыі сталі бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня”, а гімнам – “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Асноўным мэтадам змаганьня сябры СВБ лічылі антысавецкую агітацыю, але не выключалі і збройнага супраціву.

Іх выдаў правакатар. Рамановіч быў засуджаны на 10 гадоў лягераў і 5 гадоў паразы ў правах. У перасыльнай турме ў Воршы Кастуся з паплечнікамі кінулі ў адмысловы барак да блатных, узброеных нажамі і кінжаламі. Зброяю нашых хлопцаў сталі брусы зламаных нараў. Тую лютую бойку, інсьпіраваную з мэтаю фізычнага зьнішчэньня палітвязьняў, Рамановіч назаве ў сваіх мэмуарах “Аршанскаю перамогай”. Паьля вяртаньня ў Беларусь Кастусь Рамановіч жыў у Пінску. Калі над краінаю падзьмулі вятры пераменаў, ён адразу далучыўся да незалежніцкага руху. Стаў сябрам ТБМ і БСДГ, ствараў дэмакратычную вэтэранскую арганізацыю. Я ганаруся тым, што ў ягонай бібліятэцы засталіся мае кнігі з аўтографамі.

Год таму, 31 студзеня, яго душа адляцела ў Вечны вырай.

Ён не дачакаўся ад сёньняшніх уладаў рэабілітацыі, як не пасьпеў узяць у рукі кнігу сваіх успамінаў, што пабачылі сьвет празь некалькі месяцаў (К.Рамановіч “За волю Беларусі”.Слонім-- Менск ).

Няхай Сокалу будзе ўтульна там, у нябеснай Беларусі!

На здымку: група вязьняў у канцлягеры для катаржанаў у Тэмір-Таў (Казахстан). У цэнтры (пазначаны рамкай) Кастусь Рамановіч. 1955 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG