Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі падпольны “Свабодны тэатар” гастралюе ў Маскве


Радыё Свабода У мінулыя выходныя ў маскоўскім Цэнтры імя Ўсевалада Мейерхольда адбылася прэзэнтацыя “Свабоднага тэатру”. Расейскаму гледачу ўпершыню паказалі спэктаклі “Псыхоз 4.48”, “Тэхніка дыханьня ў беспаветранай прасторы” і “Мы. Самаідэнтыфікацыя” паводле п’ес маладых беларускіх драматургаў Канстанціна Стэшыка, Паўла Пражко і Паўла Расолькі.

Разам са “Свабодным тэатрам” у Маскву выправіўся панк-гурт “Тарпач”, ляўрэат першай прэміі конкурсу “Басовішча-2004” у Польшчы. Маскоўскія гастролі “Свабоднага тэатру” адбываюцца без удзелу аднаго з заснавальнікаў - драматурга Андрэя Курэйчыка.

Гісторыя “Свабоднага тэатру” пачалася год таму з досьведу Першага беларускага драматургічнага конкурсу. У склад апякунскай Рады конкурсу ўвайшлі экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл і брытанскі драматург Том Стопард, чым заснавальнікі нямала ганарацца. Ад пачатку ўтварэньня “Свабоднага тэатру” ягоныя заснавальнікі – Мікалай Халезін, Андрэй Курэйчык і Натальля Каляда – прэзэнтавалі свой праект як “альтэрнатыўны незалежны рух у культуры Беларусі”. Тэатар не прызнаецца афіцыйнымі структурамі. Летась арганізатары вырашылі аб’яднаць вакол праекту маладых беларускіх драматургаў, чый талент быў адзначаны ўзнагародамі на міжнародных конкурсах. Паводле Мікалая Халезіна, быў разьлік на тое, што ўдасца паставіць драматургію на камэрцыйныя рэйкі.

(Халезін: ) “У Шатляндыі, дзе разьмешчаная Гільдыя драматургаў, мне расказалі: стартавы кошт, зь якога пачынаюцца перамовы, – 7 тысяч фунтаў стэрлінгаў. І нават ня прынята тэлефанаваць: ці не аддасьце дзешавей? А тут гэтая праца ўвогуле ніколькі не каштуе. Таму ў прынцыпе беларускай драматургіі не існуе. Яна калі і ёсьць, то толькі за межамі нашай краіны”.

“Свабодны тэатар” выправіўся ў Маскву, спадзеючыся на цёплы прыём. Прынамсі, у Менску ўжо сфармавалася кола гледачоў, якія чакаюць прэм’ераў у спадзяваньні “разынкі”. Так, дыялёгі будаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі ў п’есе “Мы. Самаідэнтыфікацыя” максымальна набліжаныя да будаўнічага аўралу – з экспрэсіўнай афарбоўкай і моцнымі выразамі. У зьвязку з тым, што “Свабодны тэатар” афіцыйна не зарэгістраваны, за ім адразу замацаваўся статус падпольнага. Спэктаклі ставяцца без папярэдняй рэклямы ў закансьпіраваных начных клюбах ці на прыватных кватэрах. Падобнае існаваньне хутка надакучыла аднаму з заснавальнікаў тэатра Андрэю Курэйчыку. Малады драматург, які зараз узначальвае тэатральную студыю Ліцэю БДУ, абвінаваціў былых калегаў у непрафэсійных падыходах да рэалізацыі праекту. Днямі ён абвясьціў, што адыходзіць ад “Свабоднага тэатру”.

(Курэйчык: ) “У рамках гэтага праекту адбылася пэўная падмена паняцьцяў. Сфэра прыняцьця рашэньняў перасунулася з тэатральнага кола ў больш шырокае кола. І гэта на сумленьні канкрэтных людзей. І калі людзі лічаць, што для праекту так лепей, то няхай так. Бо я жадаю праекту толькі ўдачы, творча ён адбыўся, цікавасьць гледачоў да яго вялікая; проста я ня мог сваё імя, якое цаню, даваць у кіраваньне тым людзям, якіх я ня ведаю”.

Андрэй Курэйчык ня бачыць магчымасьці вяртаньня пад дах “Свабоднага тэатру”. Таму зараз ён акцэнтуецца на ўласных праектах. Сіламі тэатральнай студыі Ліцэю БДУ Курэйчык рэалізаваў пастаноўку “Стары сэньёр з вялізнымі крыламі” паводле апавяданьняў Габрыэля Гарсія Маркеса. Апроч гэтага, на канцэрне “Масфільм” пачынаюцца здымкі камэдыі паводле сцэнару Курэйчыка. Прэм’ера заплянаваная на канец году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG