Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрапіць апазыцыя ва ўчастковыя камісіі?


Радыё Свабода Сёньня пачынаецца фармаваньне ўчастковых камісій па выбарах прэзыдэнта Беларусі. Яно павінна завяршыцца не пазьней за 1 лютага. Участковыя выбарчыя камісіі ўтвараюцца раённымі, гарадзкімі ўладамі, а ў гарадах з раённым дзяленьнем раённымі адміністрацыямі. Але ці патрапяць прадстаўнікі апазыцыі ў выбаркамы?

Апазыцыйныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні масава вылучылі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. Да прыкладу, АГП вылучыла амаль тысячу сваіх сябраў, у тым ліку старшыню партыі Анатоля Лябедзьку. Партыя БНФ прапанвала каля 300 сваіх прадстаўнікоў, а Партыя камуністаў беларуская каля 150. Аднак ня ўсюды апазыцыйныя палітычныя партыі змаглі вылучыць сваіх прадстаўнікоў ад мясцовых структураў, бо яны былі зьліквідаваныя яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі. Тлумачыць актывіст ПКБ Аляксандар Пахлопка.

(Пахлопка: ) “У нас перад самым пачаткам выбараў 120 пярвічных арганізацый грохнулі. А для таго, каб вылучаць ва ўчастковыя камісіі, трэба, каб у раёнах былі пярвічныя арганізацыі, калі ёсьць раённая. Таму мы вылучалі зборам подпісаў. У працэсе выбарнай кампаніі, кожны дзень фактычна прыходзяць з управы юстыцыі лісты, што там арганізацыю грохнулі, там…”

Пра стаўленьне ўладаў да апазыцыі сьведчыць і той факт, што партыя БНФ падчас вылучэньня прадстаўнікоў у выбаркамы атрымала другое запар папярэджаньне ад міністэрства юстыцыі. У тым ліку за тое, што яна зьвярнулася ў выканкамы з патрабаваньнем патлумачыць мэханізм фармаваньня ўчастковых камісій. Мінюст бачыць у гэтым парушэньне закону аб выбарах. Тлумачыць юрыст Уладзімер Лабковіч.

(Лабковіч: ) “Гэта поўны абсурд. Вось гэтая падстава, акрамя сьмеху, больш нічога не выклікае. Запісана ў законе аб палітычных партыях, што яны робяць запыты ў дзяржаўныя органы і гэдак далей. Калі партыям забараняюць рабіць запыты ў дзяржаўныя органы, то, я думаю, іх трэба ліквідоўваць як мага хутчэй і скончыць усю гэтую валтузьню”.

БСДП (Грамада) вылучыла каля тысячы сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы, якіх каля сямі тысячаў. Аднак кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Мечаслаў Грыб ня мае спадзеву, што ўлады ўключаць іх у камісіі. У склад тэрытарыяльных выбаркамаў ад апазыцыі сёлета патрапілі адзінкі. Паводле спадара Грыба, вылучэньне прадстаўнікоў ня больш чым піяр.

(Грыб: ) “Склад гэтых камісій застанецца на 95 працэнтаў тым, які быў у мінулыя гады. З тых людзей, якія ўжо правераны і якім улада ўжо можа давяраць. А новых людзей яны ня хочуць туды ўключаць. Беларускае заканадаўства дае магчымасьць вылучыць туды людзей, з другога боку дае магчымасьць іх туды не пусьціць. Нікому не дакажаш нічога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG