Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія сацыял-дэмакраты падтрымліваюць сваіх беларускіх калегаў і іх кандыдата


Тацяна Поклад, Вільня У суботу ў Вільні кіраўнік літоўскіх сацыял-дэмакратаў, прэм''ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас сустрэўся са сваім беларускім калегам, адным з прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным.

Пасьля сустрэчы зь лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандрам Казуліным літоўскі прэм''ер, лідэр сацыял-дэмакратаў Альгірдас Бразаўскас сказаў:

(Бразаўскас: ) “Літоўскія сацыял-дэмакраты падтрымліваюць сваіх сяброў сацыял-дэмакратаў у Беларусі і іх кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Мы ўжо шмат гадоў падтрымліваем цесныя сувязі, жадаем калегам у Беларусі трываласьці і посьпеху на выбарах, і мы гатовыя да далейшага канструктыўнага супрацоўніцтва”.

Аляксандр Казулін паведаміў, што мэта яго візыту ў Літву – павіншаваць літоўскіх сацыял-дэмакратаў зь сёньняшнім 5-гадовым юбілеем аб''яднаньня Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі і Літоўскай дэмакратычнай партыі працы. На ўрачысты сход з гэтай нагоды сацыял-дэмакраты Літвы запрасілі замежных калегаў па партыі, у тым ліку і сваіх блізкіх суседзяў – беларусаў. Паводле лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў, яшчэ адна мэта яго прыезду ў Літву – абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва з калегамі па партыі зь Літвы і іншых краінаў.

(Казулін: ) “На наш погляд, Літва ў будучыні мае быць важным партнэрам Беларусі, а сувязі нашых дзьвюх сацыял-дэмакратычных партыяў могуць быць прыладай дзеля разьвіцьця такога партнэрства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG