Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчыкі Гомельшчыны здаюць подпісы


Радыё Свабода На Гомельшчыне здача подпісаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі за вылучэньне прэтэндэнтаў кандыдатамі на прэзыдэнта, паводле актывістаў ініцыятыўных групаў, не абыходзіцца безь непаразуменьняў.

У Жыткавічах сакратарка раённай выбарчай камісіі Ніна Матох спачатку адмаўлялася прыняць у актывістаў ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Міхаіла Козела і Мікалая Румянцава завераныя подпісы іншых зборшчыкаў. Гаворыць Міхаіл Козел:

(Козел: ) “Ад нас подпісы ўзялі — ад мяне і ад Румянцава. Прычым, ня ўсе адразу, а кожны здаваў сам за сябе. Подпісы людзей, якія не змаглі прыйсьці, у мяне ўзяць адмовіліся”.

Ніна Матох так тлумачыла патрабаваньне здаваць подпісы асабіста:

(Матох: ) “Проста мне трэба было спраўдзіць, ці сапраўды той, хто зьбіраў подпісы, уключаны ў ініцыятыўную групу”.

Пасьля спрэчак і тэлефанаваньняў са штабу Мілінкевіча сакратарка ўсё-ткі прыняла і астатнія падпісныя лісты. Але, як сьцьвярджае Міхаіл Козел, падлічыць колькасьць здадзеных подпісаў і выдаць пра гэта даведку адмовілася:

(Матох: ) “Я ж пакуль не кампутар. Мне ўсе подпісы трэба падлічыць, праверыць. Я ў ягонай прысутнасьці падлічыла лісты, запісала колькасьць лістоў — і пад подпіс прыняла. Ніякіх даведак я нікому не выдаю. Калі ў мяне цяпер 10 тысяч подпісаў, то што я — кожнаму сябру ініцыятыўнай групы буду даведкі выдаваць?”

Адмовіліся падлічыць колькасьць здадзеных подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча і ў Навабеліцкай раённай выбарчай камісіі абласнога цэнтру.

У выбарчай камісіі Цэнтральнага раёну сябры ініцыятыўнай групы зьвярнулі ўвагу на тое, што сакратарка Людміла Раманькова рэгіструе падпісныя лісты за кожнага прэтэндэнта ў асобным вучнёўскім сшытку. Гаворыць каардынатар збору подпісаў у Цэнтральным раёне Анатоль Паплаўны:

(Паплаўны: ) “Зьвярнуў увагу на гэты сшытак — звычайны школьны сшытак. Быў, канечне, зьдзіўлены. Аркушы ў ім не прашнураваны, не пранумараваны, не замацаваны пячаткаю. Мы проста прымусілі зрабіць так, каб сшытак адпавядаў патрабаваньням справаводзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG