Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому старшыні Дзяржкамавіяцыі пагражае 6 гадоў зьняволеньня


Радыё Свабода Шасьцю гадамі пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці пракурор просіць пакараць былога старшыню Дзяржкамавіяцыі Фёдара Іванова, якога абвінавацілі ў нанясеньні стратаў дзяржаве больш як на паўмільёна даляраў.

На працэсе з былым старшынёй Дзяржкамавіяцыі Фёдарам Івановым, якога амаль тры месяцы судзяць у Вярхоўным судзе Беларусі, пачаліся спрэчкі. Пракурор Сяргей Целяжэвіч перакананы, што віна Фёдара Іванова ў нанясеньні дзяржаве вялікіх стратаў праз службовыя злоўжываньні ў судзе цалкам даказаная. Паводле пракурора, былы кіраўнік Дзяржкамавіяцыі нанёс дзяржаве стратаў болей як на паўмільёна даляраў. Саўдзельніка Іванова, былога дырэктара аэрапорта “Менск-1” Васіля Лазара, пракурор просіць пакараць трыма гадамі калёніі.

У абвінавачаньні Фёдара Іванова фігуруюць чатыры эпізоды. Найбольш важкі сярод іх — перабольшаны каштарыс на рамонт самалёта “Як-40”, які быў прызначаны для прэм’ера Сяргея Сідорскага. Сьледзтва лічыць, што рамонт паводле звычайнага праекту мог бы каштаваць усяго 50 тысяч даляраў, але Фёдар Іваноў загадаў адрамантаваць ляйнэр з дапамогай расейскіх спэцыялістаў зь фірмы “Квант”. У выніку, праца каштавала больш за 1 мільён даляраў, зь якіх амаль 400 тысяч — страты, якія нібыта нанёс дзяржаве Фёдар Іваноў.

Адметна, як сьледзтва вызначыла ролю прэм’ера Сяргея Сідорскага ў гэтай гісторыі. Паводле пракуратуры, напярэдадні прэм’ер наведваў Менскі авіярамонтны завод, дзе яму паказалі самалёты, адрамантаваныя з дапамогай расейцаў. Ён застаўся задаволены ўбачаным, але загаду адрамантаваць свой самалёт на расейскі ўзор Сідорскі Іванову не даваў. Нібыта, гэта была асабістая ініцыятыва Фёдара Іванова.

Паводле іншых эпізодаў, Фёдар Іваноў не лічыўся з тым, што бюджэт можа панесьці дадатковыя страты, лічаць у пракуратуры: у адным выпадку перавышэньне ўлады Івановым каштавала 25 тысяч даляраў, у другім — амаль 90 тысяч даляраў, у іншым яшчэ 150 тысяч.

Пры гэтым сьледзтва не знайшло доказаў таго, што Фёдар Іваноў нешта з гэтых грошай узяў сабе. Што ж кіравала былым чыноўнікам у рангу міністра? Вось як патлумачыў мэты Іванова пракурор Сяргей Целяжэвіч у камэнтары для Радыё Свабода:

(Целяжэвіч: ) “Мэты пазначаны ў абвінавачаньні. Лічу, што ён ставіў за мэту прадэманстраваць сваю значнасьць як кіраўніка, ня ўлічваючы магчымасьцяў прадпрыемства”.

Дадам, што Фёдар Іваноў гэтак і не прызнаў сябе вінаватым. Пракурор у сваёй прамове зьвярнуў на гэта ўвагу і прасіў суд улічыць, што Іваноў не раскаяўся.

Працэс над Фёдарам Івановым — не адзіны гучны працэс апошняга часу. У Заводзкім судзе Менску гэтымі днямі судзяць Валера Пензу, былога дырэктара Менскага падшыпнікавага заводу, якога абвінавацілі ў наўмысным давядзеньні прадпрыемства да банкруцтва. Знаходзяцца пад вартай у чаканьні суду былы генэральны дырэктар аб’яднаньня “Нафтан” Канстанцін Часнавіцкі, камэрцыйны дырэктар “БелАЗу” Андрэй Ільянаў, дырэктар “Джэмбанку” Аляксандар Татарынцаў і ягоны былы намесьнік Сяргей Блізьнюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG