Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э. Зінгерас: "Брусэлю прыйдзецца прыслухацца да нашай думкі"


Уладзімер Глод, Менск Непасрэдна ад Беларусі выступілі старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў і патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч. Спадар Мілінкевіч заявіў, што “на сёньняшні дзень у Беларусі няма ніякай дэмакратыі” і што “беларускае грамадзтва паралізавана страхам”. Уладзімер Канаплёў казаў, што “ў Беларусі ня будзе ніякай каляровай рэвалюцыі” і папрасіў ад імя Аляксандра Лукашэнкі “не перашкаджаць працаваць”.

Дэбаты, у якіх удзельнічалі многія дэпутаты, доўжыліся дзьве гадзіны. На абарону беларускіх уладаў сталі расейскія парлямэнтары Ўладзімер Жырыноўскі і Генадзь Зюганаў. У выступоўцаў зь іншых краінаў — прынамсі, Літвы, Грузіі — былі супрацьлеглыя думкі. За дэбатамі ў Страсбуры непасрэдна назірала вядомая беларуская журналістка Ірына Халіп. І вось як яна ацэньвае сытуацыю:

(Халіп: ) “Пазыцыі палітычных камітэтаў, палітычных групаў, нацыянальных дэлегацыяў былі сфармаваныя загадзя. Яны параіліся і вырашылі выступіць адзіным фронтам супраць дэлегацыі Расеі, таму што яна адзіная, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Дэбаты былі вельмі жорсткія, што тычыцца ацэнкі сытуацыі ў Беларусі. Напрыклад, лідэр грузінскай дэлегацыі спадар Бакерыя сказаў, што вельмі часта людзі спрабуюць падзяліць нешта на белае і чорнае, і гэта няправільна. І толькі адносна Беларусі гэта правільна, таму што ўсё, што адбываецца ў Беларусі, толькі чорнага колеру”.

Сярод тых, хто сёньня выступаў з парлямэнцкай трыбуны ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, быў намесьнік старшыні дэлегацыі Літвы ў ПАРЭ Эмануэль Зінгерас. Пасьля заканчэньня дэбатаў я патэлефанаваў у Страсбур і спытаў яго, ці ня стануць, на яго думку, новыя дакумэнты па Беларусі чарговай дэклярацыяй, якіх ужо было шмат. Спадар Зінгерас упэўнены, што гэтым разам так ня будзе:

(Зінгерас: ) “Гэта не яшчэ адна папера, таму што экспэртыза Рады Эўропы ідзе ў Эўразьвяз, са Страсбуру — у Брусэль. Брусэлю, хаця і са спазьненьнем, прыйдзецца прыслухацца да нашай думкі. Напрыклад, да таго пункту, у якім ідзе гаворка пра арышт фінансавых рахункаў беларускага кіраўніцтва. Гэта прыме сваю, так бы мовіць, акантоўку, таму што крытычная маса ў Радзе Эўропы і Эўразьвязе, гэтых двух канглямэратах, не на карысьць Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG