Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спрабаваў Сяргей Скрабец даць хабар?


Радыё Свабода На працэсе над Сяргеем Скрабцом пачалі вывучаць эпізод аб падрыхтоўцы да дачы хабару на 30 тысяч даляраў. Паказаньні першага сьведкі ставяць пад сумнеў вэрсію пракуратуры аб вінаватасьці Сяргея Скрабца, лічаць назіральнікі.

У Вярхоўным Судзе Беларусі працягваецца працэс над былым дэпутатам Сяргеем Скрабцом. 26 студзеня суд вывучаў эпізод аб магчымай спробе Скрабца даць хабар за апраўдальны прысуд сваяку, якога абвінавачвалі ў цяжкіх злачынствах. Паводле вэрсіі пракуратуры, Сяргей Скрабец і яго брат Аляксандар праз былога супрацоўніка пракуратуры Васіля Федчанку нібыта спрабавалі падкупіць судзьдзю Мароза і дзяржаўнага абвінаваўцу Калюжу.

Сёньня Федчанка распавядаў пра абставіны справы як сьведка. Заўважу, што гэты статус яму надалі пасьля таго, як летась у траўні ён напісаў заяву ў пракуратуру пра ўдзел у незаконных дзеяньнях. Паводле Федчанкі, ягоная сустрэча зь Сяргеем Скрабцом адбылася ў лютым. Нібыта ў аўтамабілі былы дэпутат паабяцаў 30 тысяч даляраў узнагароды на ўсіх, уключна з судзьдзём і дзяржаўным абвінаваўцам. Пасьля гэтага Федчанка яшчэ некалькі разоў сустракаўся зь Сяргеем Скрабцом і ягоным братам Аляксандрам. І хаця хабару яны гэтак і не перадалі, ён перакананы, што браты напраўду рыхтаваліся да злачынства.

Аднак некаторыя адказы сьведкі на пытаньні судзьдзі й адвакатаў выглядалі вельмі няпэўна. Прыкладам, не былі пацьверджаны словы сьведкі пра тое, што Сяргей Скрабец падчас сустрэчы ў гатэлі Століна нібыта гатовы быў перадаць Федчанку 30 тысяч даляраў. З зачытаных у судзе запісаў размовы, якія таемна зрабіла міліцыя, гэтага не вынікала. Таксама Васіль Федчанка ня здолеў патлумачыць, чаму ён настойваў на перадачы яму 30 тысяч даляраў пазьней, ужо пасьля таго, як Скрабцы адмовіліся зь ім кантактаваць. Затое Васіль Федчанка пацьвердзіў, што атрымаў ад Скрабца-малодшага 500 эўра як аплату за свае паслугі й клопаты.

Гэтага, аднак, не адмаўляе і Аляксандар Скрабец. Ён спачатку заяўляў, што яны з братам спрабавалі празь Федчанку пазнаёміцца з судзьдзём і дзяржаўным абвінаваўцам, каб толькі высьветліць, ці вінаваты іх сваяк, ды заклікаць паставіцца да яго аб’ектыўна. Паводле Аляксандра Скрабца, хабару яны нікому не абяцалі, а вось Васіль Федчанка нібыта хабару дамагаўся. Аляксандар Скрабец мяркуе, што сёньня ў гэтым мог пераканацца і судзьдзя.

(Аляксандар Скрабец: ) “Хабар вымагалі ад нас, а ня мы яго прапаноўвалі. Сёньня, я лічу, нават судзьдзя схіляецца да таго, што абвінавачаньне развальваецца. Ёсьць жа пратаколы тэлефонных размоваў, дзе відаць, што Федчанка займаў вельмі актыўную пазыцыю, фактычна трэтыраваў нас з братам. Што мы ўхіляліся ад размоваў зь ім. Для мяне зразумела, што гэта ўжо відавочна”.

Сьведка Васіль Федчанка ад камэнтароў для Радыё Свабода адмовіўся.

Сяргей Скрабец па-ранейшаму адмаўляецца ўдзельнічаць у працэсе і, паводле ягоных сваякоў, працягвае галадоўку. Ён пратэстуе супраць перасьледу, які лічыць палітычна матываваным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG