Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па дарозе да Статкевіча міліцыя спыніла амбасадара Чэхіі


Любоў Лунёва, Менск Апазыцыйны палітык адбывае пакараньне на “хіміі” ў Баранавічах за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму ў кастрычніку 2004 году. Міколу Статкевічу давялося выбачацца перад часовым павераным за дзеяньні мясцовых міліцыянтаў.

Кіраўнік дыпмісіі Чэхіі ў Беларусі Ўладзімер Румл наведаў Міколу Статкевіча, каб перадаць яму ліст падтрымкі ад чэскіх сацыял-дэмакратаў.

Уладзімер Румл ня першы дыплямат, які наведаў Міколу Статкевіча ў Баранавічах, але менавіта зь ім адбыўся інцыдэнт. Яго аўтамабіль, на якім былі дыпляматычныя нумары і дзяржаўны сьцяг Чэхіі, спынілі, як толькі ён перасёк гарадзкую мяжу Баранавічаў. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Прыехаў вельмі ўзрушаны. Згодна зь міжнароднымі дамовамі, яны ня маюць права спыняць аўтамабіль з дыпляматычнымі нумарамі і пад сьцягам замежнай дзяржавы. Яны спрабавалі праверыць яго дакумэнты, а таксама праверыць і тэхнічны стан аўтамабіля. Спадар Румл быў вельмі абураны. Ён казаў, што будзе зьвяртацца з нотай пратэсту ў Міністэрства замежных справаў Беларусі”.

Мікола Статкевіч лічыць, што міліцыянты самавольна не наважыліся б правяраць дыплямата. Ён упэўнены, што яны выконвалі загад кіраўніцтва.

(Статкевіч: ) “Я вымушаны быў прыносіць яму прабачэньні і тлумачыць, што нам сорамна за такое стаўленьне да дыпляматычнага прадстаўніка братняга чэскага народу. Але адказнасьць за гэта нясе кіроўная ўлада, якая стварыла такую атмасфэру ў краіне, калі ў любым замежніку сілавыя структуры бачаць перш за ўсё ворага. Ведаеце, гэта, як кажуць, дурны законаў не чытае, ды свае мае. Дык нашыя дурні ня толькі беларускіх законаў не чытаюць, але й міжнародных канвэнцыяў”.

Мікола Статкевіч паведаміў Радыё Свабода, што атрымлівае шмат лістоў з замежжа і зь Беларусі. Іх ужо больш як тысяча. Гэтыя лісты і візыты прадстаўнікоў дыпмісіяў апазыцыйны палітык лічыць праявай салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

(Статкевіч: ) “Гэты візыт зьяўляецца чарговай праявай салідарнасьці з нашай партыяй і са мной асабіста, якая вядзецца ў дэмакратычнай Эўропе. Я думаю, што гэта кампанія будзе працягвацца. Гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што лёс беларускага народу і тых беларусаў, якія змагаюцца за свабоду Беларусі, неабыякавы нашым суседзям”.

Раней Міколу Статкевіча наведвалі прадстаўнікі дыпмісіяў Швэцыі, Нямеччыны і АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG