Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Скажыце, як можна жыць, калі тэлефон увесь час праслухоўваецца...?"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за апошнія суткі. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць сваё паведамленьне на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за меркаваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Зьдзівіла, што сярод пытаньняў, якія былі зададзеныя Казуліну, не было ўзгадана пра яго мітычную "Волю народу", нейкую арганізацыю. Мабыць, таму што пра яе ўжо і забыліся, такая яны была мітычная.

(Спадар: ) “Палестынцы змагаюцца за стварэньне ўласнай дзяржавы. А кіраўнікі Беларусі ўжо дзесяць год не спыняюць высілкі для зьнішчэньня Беларусі як самастойнай дзяржавы: абмяркоўваюць увядзеньне адзінай валюты, адзінага бюджэту з Расеяй. Мы ўжо былі ў саюзе з Расеяй, з Масквой! Мы ўжо гэта праходзілі! Памятаем, якія ахвяры, якую кроў нашага народу пралілі такія дзеячы як Цанава, Панамарэнка, Чарвякоў і іншыя. Курапаты, НКВД назаўсёды ўвайшлі ў народную памяць. І пакаяньня не адбылося, быццам, так і трэба. Беларусь – у Эўропу, а не ў Расею!”

(Спадар: ) “Я ўжо задаваў пытаньне наконт таго, што спадар Лазавік тлумачыў, які бюлетэнь прызнаецца несапраўдным, калі ссылаўся на артыкул, мабыць, 72 Выбарчага кодэксу. Але дакладна ён яго ня ведае. Чаму ж “Свабода” не ўзьняла гэтае пытаньне? Я маю на ў вазе, што падроблены бюлетэнь будзе адрозьнівацца ад сапраўднага толькі адсутнасьцю подпісаў членаў камісіяў. Астатняе ў артыкулу 72 не агаворана. Калі ласка, самі пацікаўцеся зьместам гэтага артыкулу 72 Выбарчага кодэксу і пастаўце такое пытаньне спадару Лазавіку. Хай трошкі сам навучыцца плаваць у сваіх жа дакумэнтах”.

“Урад Швэцыі фінансуе, дае грошы сваім чатыромстам грамадзкім аб’яднаньням. Урад Швэцыі клапоціцца пра іх існаваньне, стварае ўмовы для разьвіцьця розных думак, розных ідэй, розных плыняў грамадзкай думкі, бо грамадзтва ў Швэцыі – адкрытае грамадзтва, ня тое што ў Беларусі. Дыктатарскія рэжымы ня толькі не фінансуюць грамадзкіх аб’яднаньняў, а ўсяляк вядуць зь імі барацьбу, быццам, з ворагамі народу: пазбаўляюць памяшканьня, штрафуюць, арыштоўваюць іх сяброў, зьнішчаюць праз мінюст і зайздросьцяць іх замежнай фінансавай дапамозе. Нічога дрэннага ў дапамозе няма! Бо ўласная краіна сама карыстаецца замежнай дапамогай. І гэта натуральна. Што, Масква не фінансуе рэжым Лукашэнкі на Беларусі? Што, Масква і Менск не вырабляюць свае стратэгіі па недапушчэньні мірных рэвалюцыяў?”

(Спадар: ) “А цяпер наконт так званай датэрміновай агітацыі. Такога артыкулу ў знакамітым Выбарчым кодэксе наогул няма, як няма і такога паняцьця “датэрміновай агітацыі”. Прашу зьвярнуць вашу ўвагу на гэта і таксама спадара Лазавіка. А то апошнім часам па гэтым пытаньні ўжо прыцягваюць да адказнасьці. І вось ужо знакаміты спадар Гайдукевіч на гэта спасылаецца. Прашу вас, “Свабода”, каб нехта з юрыстаў даў гэтаму тлумачэньне. Ці ёсьць якая адказнасьць за тэрміновую агітацыю, калі яе няма ў законах?”

(Спадар: ) “Сьпяшаюся павіншаваць вашу “Свабоду” з посьпехам міравога ўзроўню! Вы пераплюнулі ўсе радыёстанцыі сьвету! Трэба ж дадумацца, каб перадаць у эфір, як сыгналіць мабільнік кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча! Вось гэта прэзэнтацыя кандыдата! Лепш бы вы паведамілі, колькі ён атрымаў у Варшаве грошаў, каб у дзень выбараў напаіць юнцоў і накіраваць іх на вуліцу. А таксама цікава, дзе хрысьціў ён сваіх дзяцей: у цэрквы ці касьцёле, бо жонка ў яго каталічка”.

(Валянцін, Івацэвіцкі р-н: ) “Скажыце, як можна жыць, калі тэлефон увесь час праслухоўваецца, нікому нельга пазваніць па-сур’ёзнаму. Дайшло да таго нават, што сочаць, у якую бальніцу паедзеш, да якога ўрача пойдзеш, на якую хваробу хварэеш. Пра што не пагаворыш па тэлефоне, будзе вядома ў той школе, дзе я раней працаваў, адпаведна, калі размова будзе мець нейкія адносіны пра яе і г.д. Пэўныя людзі адразу ведаюць, што я гавару, куды званю”.

(Спадарыня, Гарадзеншчына:) “Вось пачула інфармацыю, што сабрана подпісаў у падтрымку Аляксандра Рыгоравічу больш за 1,5 мільёны. Хачу сказаць, як зьбіраліся подпісы ў нас на Гарадзеншчыне.

Тых людзей, якія працуюць ва арганізацыях, абавязвалі прыносіць пашпарты ў рабочы час. Так праводзіўся ўвесь гэты працэс падпісаньня.

Хочацца сказаць, што калі слухаеш перадачу ўвечары, дзе расказваюць, што нашыя апазыцыйныя кандыдаты нічога ня вартыя, яны нават ня маюць праграмы дзеяньняў і нічога ня могуць даць для нашых беларускіх грамадзян. Гэта вельмі прыкра! Вельмі непрыемна слухаць пра вось такія адносіны да нашых людзей! Яны ж жывуць і працуюць у нашай дзяржаве. Гэта прыстойныя людзі, гэта людзі паважаныя! Чаму трэба іх ганьбіць? Па якім праве так можна ставіцца да чалавека?”

(Спадар:) “Хачу выказаць меркаваньне пра добрыя прыстойныя ўзаемаадносіны паміж Расеяй, Беларусьсю, Грузіяй і г.д. Вось там адбылося ЧП: нехта падарваў газаправод. І Саакашвілі адразу абвінаваціў Расею. У прэзыдэнта Ўкраіны на твары нейкія шрамы пайшлі – кожны шрам вінавата Расея ці Беларусь. І ўсе бочкі, пад кіраваньнем Амэрыкі вінавата толькі Расея. Але ў Грузіі былі вельмі прыстойныя людзі, падначаленыя Саакашвілі, якія, нягледзячы на яго думку, сказалі, што прэтэнзіяў да Расеі ня маюць, вось толькі трэба лепей трубу ахоўваць. Але я ўпэўнены, што трубу падарвалі людзі, чачэнцы ці дагестанцы, інгушы і г.д, менавіта тыя, якія пражывалі ў Грузіі. І для таго, каб стварыць напругу паміж Расеяй і Грузіяй, яны і падарвалі трубу!

Яшчэ хацелася б, каб вы выказалі сваё меркаваньне, што Літва будуе магільнік амаль што на тэрыторыі нашай рэспублікі. Нам і так гора хапае: войны, Чарнобыль. А цяпер літоўцы… Давайце абмяркуем гэтую тэму, зрабіце прамы дыспут. Чаму яны гэта робяць?

Другое. Вельмі дрэнна, што Мілінкевіч недзе там лазіць. І як ён гразіцца, што будзе выводзіць людзей. Хай паспрабуе!”

(Спадарыня, Смаргонскі р-н: ) “Ідучы да ўлады ў 94-м годзе, Аляксандра Лукашэнка абяцаў вярнуць уклады, але не зрабіў гэтага. Маўчаць і іншыя прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта зараз. А для нас, хто ня зьведаў па-сапраўднаму ні дзяцінства, ні маладосьці, а ў 60-80 гады сваімі запрацаванымі капейкамі дапамагаў будаваць краіну, вельмі балюча! Гэтыя грошы не прапалі! Яны ўложаны ў фабрыкі, заводы, дарогі і іншую дзяржаўную маёмасьць. Выходзіць, што нас абманулі і абакралі! Калі ж запануе ў Беларусі справядлівасьць і закон, гарантаваныя дзяржавай? Калі нам, нашым дзецям і ўнукам дзяржава верне давер да яе ў яе дзеяньнях і адносінах да свайго народу? Пытаньне Зянону Пазьняку і Аляксандру Мілінкевічу”.

(Мікалай Бельскі:) “Хачу адкрыць вялікую тайну, якую ўлада хавае, чакаючы новых выбараў, магчыма, як сюрпрыз для буржуяў. Справа ў тым, што намаганьнямі агульна-народна-абранага прэзыдэнта ў перадавых гаспадарках калгаснага тыпу ўжо дзейнічаюць камуны. Як давялося пачуць у прыгарадным аўтобусе, ёсьць нават герой камуністычнай працы. Але імя яго называць пакуль рана – сюрпрыз-тайна. Зь цягам часу яго дасягненьні будуць нявартымі нават ўвагі. Але ж трэба помніць, што ён быў першы, хто за месяц працы на фэрме, паіўшы, карміўшы ручна цялё, дрывамі іх абаграваўшы, згадзіўся атрымаць чатыры тысячы ўжо нічога ня вартай савецкай валюты”.

(Уладзімер, Навагрудак:) “Я наконт заявы Гайдукевіча. Вось і пацьвердзіўся мой вывад аб прапанове Вайтовіча, ускосна, але пацьвердзіўся. То бок гэтыя хлопцы гуляюць у аднай камандзе. І гэта каманда – супраціў Беларусі. Вось і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG