Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты адпусьцілі актывістаў КХП БНФ


Радыё Свабода На актывістаў ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, якія распаўсюджвалі ў пераходзе менскага мэтро матэрыялы аб народным галасаваньні, міліцыянты склалі пратакол і праз некалькі гадзінаў адпусьцілі. Актывісты кажуць пра падрыхтоўку ўладаў да зьняцьця іх кандыдата, а ў раённай выбарчай камісіі перакананыя, што група Зянона Пазьняка парушае выбарчы закон.

Увечары 25 студзеня зь міліцэйскага пасту на станцыі мэтро “Кастрычніцкая” былі адпушчаныя чацьвёра актывістаў КХП-БНФ, якія зьбіралі подпісы за вылучэньне ў прэзыдэнты лідэра сваёй партыі Зянона Пазьняка. Нагадаем, Георгій Ярошчык, Уладзімір Юхо, Уладзімір Таўкачоў і Маргарыта Лявоцкая напярэдадні былі затрыманыя ў пераходзе мэтро міліцыянтамі, якія нясуць дзяжурства на станцыі. Што было далей, распавядае Уладзімір Юхо:

( Юхо: ) “Як з намі абыходзіліся? З выбарчай камісіі выклікалі спадара Зянькоўскага, які сказаў, што мы парушалі закон і чамусьці абражалі “нашага прэзыдэнта”.

Паводле Ўладзімера Юхо, у сяброў ініцыятыўнай групы міліцыянты адабралі друкаваныя матэрыялы, а таксама расьцяжку са словамі “Народным галасаваньнем спынім фальсыфікацыі рэжыму”.

Чаму праводзілася затрыманьне міліцыянты не патлумачылі. У прысутнасьці прадстаўніка раённай выбарчай камісіі быў складзены пратакол, які прызначаны для Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэньні Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў адзначыў, што калі раней актывістаў групы затрымлівалі, дык пратакол не складалі. Сяргей Папкоў мяркуе, што рыхтуюцца дзеяньні супроць удзелу Зянона Пазьняка ў выбарчай кампаніі.

(Папкоў: ) “Па-першае, гэта скіравана супраць ідэі народнага галасаваньня, а па-другое, рыхтуюцца здымаць нашага кандыдата”.

Сяргей Папкоў лічыць, што ў распаўсюджваньні матэрыялаў аб народным галасаваньні няма парушэньняў выбарчага закону, паколькі гэта ня ёсьць агітацыяй за пэўнага кандыдата.

Іншай думкі прытрымліваюцца ў выбарчай камісіі Цэнтральнага раёну Менску, дзе зараз знаходзіцца пратакол аб дзеяньнях групы Пазьняка. Вось што Радыё Свабода заявіла супрацоўніца камісіі Натальля Кушнярова:

(Кушнярова: ) "Агітацыйныя матэрыялы можна распаўсюджваць толькі пасьля рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты. Прычым група Пазьняка ўжо была пра гэта папярэджаная, што тут незразумела?"

Міліцыянты, якія дзяжураць на станцыі мэтро “Кастрычніцкая” адмаўляюцца паведаміць, хто загадаў затрымаць актывістаў групы Зянона Пазьняка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG