Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падпісаліся ўжо віцебчукі за вылучэньне кандыдатаў на прэзыдэнта?


Радыё Свабода Два дні засталося да заканчэньня збору подпісаў за прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах. Ці мелі магчымасьць і ці пасьпелі падпісацца за вылучэньне кандыдата ўсе ахвотныя жыхары Віцебску? На гэтае пытаньне адказваюць віцебскія мінакі.

(Дзяўчына: ) “Не, яшчэ не падпісвалася. Інфармацыі ўвогуле няма пра кандыдатаў. Хто яны, хто ў нас яшчэ ёсьць, апроч цяперашняга прэзыдэнта? За каго падпісвацца? Нават прозьвішчаў ня ведаю!”

(Другая дзяўчына: ) “Калі раней дзесьці неяк хаця б прозьвішчы іхныя гучалі, то цяпер і гэтага няма!”

(Хлопец: ) “Падпісаўся. За Мілінкевіча і за Пазьняка. Калі зарэгіструюць абодвух кандыдатаў, то на выбарах за Зянона Пазьняка буду галасаваць”.

(Спадар: ) “Я паставіў свой подпіс за Зянона Пазьняка — за палітыка, які ўсім сваім сэрцам хварэе за Беларусь!”

(Дзяўчына: ) “Ні за каго не падпісвалася. Проста не цікавілася гэтым пытаньнем. І часу не было. Яшчэ пасьпею”.

(Спадар: ) “Я хацеў бы паставіць свой подпіс за цяперашняга прэзыдэнта, але да мяне не зьвярталіся”.

(Другі спадар: ) “Я таксама за дзейнага прэзыдэнта, і да мяне таксама чамусьці ніхто не прыходзіў. Цяпер пайду ўжо на выбары, прагаласую, дый усё!”

(Спадарыня: ) “Падпісалася. За нашага будучага прэзыдэнта! Гэта Аляксандар Мілінкевіч”.

(Спадар: ) “За Мілінкевіча падпісаўся. Гэта адзіны, напэўна, варты кандыдат з усіх, каго я ведаю”.

(Спадарыня: ) “Я падпісалася за Аляксандра Казуліна. Паглядзіце: ён навуковец, грамадзкі дзеяч, ачольвае партыю. Гэта ж вельмі шмат значыць! Доктар навук, акадэмік, пяцьдзясят гадоў чалавеку — у яго, адпаведна, вялікі шлях наперадзе, на якім ён можа зрабіць вельмі шмат для рэспублікі”.

(Спадар: ) “Усё гэта не лідэры! Я ж беларус, я сьвядомы чалавек, і я ведаю толькі аднаго лідэра — гэта Зянон Пазьняк”.

(Дзяўчына: ) “Не, мы пакуль ня выбралі. Мы яшчэ думаем. Нам бы толькі во цяпер сэсію здаць!”

(Спадар: ) “Я ня бачу вартага прэтэндэнта. Таму што маю досьвед 2001 году, калі за людзей падпісваесься, а потым — раз, і іх нідзе няма. Толькі адцягвалі адно ад аднаго ўвагу. Вось такое ў мяне перакананьне”.

(Спадар: ) “А я падпісваюся за ўсіх. Дакладней, за траіх — і за Пазьняка падпісаўся, і за Казуліна, і за Мілінкевіча. Няхай усе ідуць на выбары! А там паводле іхных праграмаў, паводле выступаў мы вызначымся, за каго зь іх галасаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG