Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў здаюць подпісы ў камісіі


Радыё Свабода Да канца працоўнага дня 27 студзеня мусіць завяршыцца збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. У той жа дзень усе падпісныя лісты трэба здаць у раённыя выбарчыя камісіі — такое тлумачэньне на месцы накіраваў Цэнтравыбаркам. Якія праблемы паўстаюць падчас афармленьня і здачы подпісаў ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў?

Многія сябры ініцыятыўных групаў, якія амаль месяц зьбіралі подпісы, сёньня спыняюць гэтую працу, хоць людзі па-ранейшаму ахвотна падпісваюцца. Цяпер трэба аб’ехаць райвыканкамы, каб засьведчыць подпісы і здаць іх у камісіі. Старшыні райвыканкамаў і іх намесьнікі працуюць з ініцыятыўнымі групамі толькі з абеду. У выніку ў выканкамах часам ствараюцца чэргі са зборшчыкаў подпісаў.

Не абышлося і без інцыдэнтаў. У памяшканьні Фрунзенскага райвыканкаму ў сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Зьмітра Чародкі адабралі падпісныя лісты і парвалі куртку. Кіраўнік раённай адміністрацыі Анатоль Кунцэвіч заўважыў, што на падпісных лістах Чародкі няма прозьвішча сябра ініцыятыўнай групы, і заявіў, што гэтыя подпісы несапраўдныя, сканфіскаваў іх і перадаў у раённую выбарчую камісію. Спадар Чародка хацеў трапіць у камісію на складаньне пратаколу, каб даць тлумачэньні, аднак яго не пусьцілі ды парвалі пры гэтым куртку, паведаміў “Свабодзе” сам спадар Чародка:

(Чародка: ) “Гэта сваволя, дый яны чагосьці баяцца. Калі яны пачалі акт пісаць, кажуць: расьпішыцеся ў акце, я пачаў пісаць, што гэта незаконна, што мне куртку парвалі, а яны вырвалі ў мяне гэтую заяву”.

Штаб адзінага кандыдата ад апазыцыі паскардзіўся ў ЦВК, мяркуючы, што старшыня райвыканкаму перавысіў свае паўнамоцтвы — той можа толькі завяраць подпісы, а не правяраць іх. Намесьнік старшыні Фрунзенскага выканкаму па ідэалёгіі сябра раённай выбарчай камісіі Георгі Козел камэнтаваць інцыдэнт адмовіўся.

З усіх ініцыятыўных групаў здачу падпісных лістоў у выбарчыя камісіі пакуль не распачалі толькі прыхільнікі Зянона Пазьняка. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Сяргей Папкоў паведаміў:

(Папкоў: ) “Здаваць будзем 27-га… Калі прымем такое рашэньне”.

Сяргей Папкоў быў тройчы затрыманы міліцыяй за інфармаваньне наконт “народнага галасаваньня”, і ён мяркуе, што ўлады рыхтуюць глебу для нерэгістрацыі Зянона Пазьняка, за якога, паводле спадара Папкова, сабрана каля 130 тысяч подпісаў.

Тым часам іншы прэтэндэнт Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што ягоная ініцыятыўная група сабрала і здала ў камісіі амаль 150 тысяч подпісаў. Як паведамілі перадвыбарчыя штабы, за Аляксандра Казуліна сабрана 160 тысяч подпісаў — зь іх здадзена каля 30%, за Аляксандра Мілінкевіча сабралі каля 230 тысяч, і павінна быць здадзена больш за 200 тысяч. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргея Скрабца Сяргей Галаганюк спадзяецца, што яму ўдасца здаць 100 тысяч подпісаў, патрэбных для рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта. За Валерыя Фралова сабрана 106 тысяч подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG