Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі хто са сваякоў хацеў прыслаць з Амерыкі старога “амерыканскага” адзеньня, то на граніцы на такую пасылку накладалі вялізарнае “цло”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 24 студзеня. Што пісалі беларускія газэты 24 студзеня.

“Беларуская крыніца”, 1926 год:

“Дагэтуль справа з пасылкамі была даволі дрэнная. Калі хто са сваякоў хацеў прыслаць з Амерыкі старога “амерыканскага” адзеньня, то на граніцы на такую пасылку накладалі вялізарнае “цло”, або мыта. Дык многія адказваліся ад пасылкі і пасылка ішла назад у Амерыку. Вось-жа цяпер жонд выдаў нейкія палёгкі для людзей, атрымліваючых такія пасылкі. Цяпер такія пасылкі будуць вольныя ад “цла”, толькі трэба на пошце прадставіць засьведчаньні з гміны: 1. аб тым, што чалавек, атрымліваючы пасылку сапраўды бедны і 2. што ён не займаецца гандлем старога адзеньня”.

“Рабочий”, 1936 год:

“Беларускі радыёкамітэт сумесна з грамадзкімі арганізацыямі Менскай абутковай фабрыкі ім.Кагановіча ладзяць 1 лютага на кватэры аднаго з ініцыятараў стаханаўскага руху ў Беларусі таварыша Скабло вечар творчасьці габрэйскага пісьменьніка Мендэля Мойхер-Сфорам. На вечар запрошаны пісьменьнікі, артысты тэатраў Менску і стаханаўцы буйных прадпрыемстваў. З дакладам, што прысьвечаны стагодзьдзю пісьменьніка Мендэля Мойхер-Сфорам, выступіць прафэсар Бранштэйн. Пісьменьнікі Харык, Аксэльрод і інш., а таксама артысты тэатраў будуць чытаць творы пісьменьніка і ўласныя. Творчая вечарына Мендэля Мойхер-Сфорам будзе трансьлявацца па радыё”.

“Вечерний Минск”, 1976 год:

“У Доме актора адбылося чарговае паседжаньне гарадзкога клюбу кнігалюбаў. З дакладам “У пошуках рэдкіх кніг і старых рукапісаў” выступіў кандыдат філялягічных навук А.І.Мальдзіс. Прысутныя зь вялікай цікавасьцю слухалі выступ пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Творы старадаўняй беларускай музыкі, запіс якіх адшукалі нядаўна, выканалі выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі Г.Жарава і С.Мадорскі. У спэцыяльна наладжаным кніжным кіёску кнігалюбы маглі набыць “Альманах бібліяфіла” (вып. ІІ), “Запіскі аддзелу рукапісаў” Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І.Леніна з дакумэнтамі аб дзекабрыстах, навінкі мастацкай літаратуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG