Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Скрабец працягвае галадоўку, адмаўляецца ад удзелу ў судзе


Радыё Свабода Былы дэпутат Сяргей Скрабец, якога судзяць у Вярхоўным судзе, па-ранейшаму адмаўляецца ўдзельнічаць у працэсе і працягвае галадоўку. Тым часам на працэсе выступаюць сьведкі ў адным з самых істотных эпізодаў абвінавачаньня.

У Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс над Сяргеем Скрабцом, якога абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў. Паседжаньне 24 студзеня зноў пачалося з просьбы Сяргея Скрабца зьмяніць яму меру стрыманьня, каб у яго былі роўныя зь іншымі прэтэндэнтамі магчымасьці для ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі. Хадайніцтва падсуднага судзьдзя адхіліў. Пасьля гэтага Сяргей Скрабец зрабіў заяву пра тое, што ён ня можа ўдзельнічаць у працэсе з прычыны стану здароўя. Нагадаем, былы дэпутат галадуе ўжо 23 дні. У адказ судзьдзя зачытаў мэдычную даведку са сьледчага ізалятару, паводле якой Скрабец ня мае захворваньняў. Акрамя таго, судзьдзя, спаслаўшыся на аналізы падсуднага, выказаў сумнеў, што Сяргей Скрабец галадуе.

Далей у судзе працягваўся допыт сьведкаў пра абставіны атрыманьня крэдыту фірмай “Белбабаеўскае”, якой раней кіраваў Сяргей Скрабец. Паводле сьледзтва, фірма “Белбабаеўскае” незаконна атрымала крэдыт на 320 тысяч даляраў, чаму нібыта спрыяў Сяргей Скрабец, калі ўжо быў дэпутатам. Таксама ён дапамог атрымаць крэдыт на 170 тысяч даляраў фірме “Белтрэйдэкспа”, мяркуе сьледзтва. Пазьней гэтых крэдытаў не вярнулі, а кіраўнікоў фірмаў асудзілі.

Цяпер сьледзтва дамагаецца, каб быў пакараны і Сяргей Скрабец. На прысуд можа паўплываць адказ на пытаньне, ці сапраўды гэтым фірмам належала маёмасьць, якая пры атрыманьні імі крэдыту паслужыла гарантыяй. Гаворка пра шэсьць пагрузчыкаў, лінію разьліву напояў, партыю мэблі і партыю штучнага футра, пад якія браліся грошы ў “Беларусбанку”. Сьледзтва высьветліла, што гэтыя тавары хоць і былі набытыя, але ў прадаўцоў не забіраліся. На думку сьледчых, гэта і ёсьць доказам падману, арганізаванага дзеля выманьваньня крэдыту Сяргеем Скрабцом.

Сьведка Васіль Кіндэль, дырэктар фірмы “Парувка”, якая прадала гандлёваму дому “Белбабаеўскае” 109 адзінак штучнага футра, пацьвердзіў, што куплены тавар зь іх складу гэтак і ня быў забраны. Але, паводле дамовы, аплата мусіла прыйсьці не адразу, а цягам шасьцідзесяці дзён. Між тым, футра ўжо лічылася маёмасьцю “Белбабаеўскага”, якое магло ім распараджацца, як заўгодна, заявіў суду сьведка. Ён пацьвердзіў гэта і для Радыё Свабода:

(Кіндэль: ) “У дамове можна напісаць, што права ўласнасьці наступае пасьля аплаты, але калі ў дамове такога няма, то права ўласнасьці пераходзіць да пакупніка з моманту перадачы. Часта бывае, што ўгоды плянуюць, дамаўляюцца, а потым анулююць. Ня толькі ў Беларусі гэтак бывае, але ў Беларусі асабліва. Нічога ў гэтым супрацьзаконнага няма. А паколькі ён ня змог прадаць гэты тавар за шэсьцьдзесят дзён, то вярнуў яго, нават не разьлічыўшыся”.

Сяргея Скрабца трымаюць за кратамі з траўня мінулага году. Яго абвінавачваюць у выманьваньні крэдыту, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару. Былы кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец заяўляе, што яго перасьледуюць за апазыцыйную дзейнасьць і намер абірацца на прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG