Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У марозную зіму прыватным гандлярам забаранілі дапамагаць вяскоўцам


Радыё Свабода Сёлетняй зімой у Беларусі ўпершыню дзейнічае забарона на прыватны прывазны гандаль у вёсках.

У маланаселенай і аддаленай вёсцы Боркі на Берасьцейшчыне мясцовая крама зачыненая гадоў пяць таму. За мінулы час жыхары прызвычаіліся да розных прыязных гандляроў. А сёньня, у пякучыя маразы, ужо каторы дзень людзі чакаюць хлеб. Пра іншае й ня кажуць... Інвалід другой групы Валянціна Карпіевіч вельмі шкадуе, што ўлады забаранілі працаваць тамтэйшаму прыватніку:

(Карпіевіч: ) “Ён возьме нумары, патэлефануе: “Бабуля, што вам патрэбна?” І вазіў алей, і крупы, і мыла, і запалкі, і соль – усё вазіў. Але ж яму забаранілі”.

Інтарэсы прыватніка абмежаваў адпаведны ўказ прэзыдэнта. Усе прэфэрэнцыі на абслугоўваньне вёсак аддадзеныя Белспажыўсаюзу. Камэнтуе чыноўнік, які пажадаў, каб ягонае імя не гучала на Радыё Свабода.

(Чыноўнік: ) “Усе 11 тысяч крамаў – нашы. Усе 398 аўтакрамаў, 17 аптовых базаў. Ува ўсіх 118 раёнах працуюць гандлёва-разьмеркавальныя склады”.

Скарга адзінокай бабы Валі няўцям суразмоўцу. Ён мае апраўданьні і больш маштабным перабоям у забесьпячэньні вяскоўцаў ва ўмовах сярэдняй тэмпэратуры мінус 26.

(Чыноўнік: ) “Як загрузіць і даставіць віно, піва, мінэральную ваду, безалькагольныя напіткі, цэльнамалочныя прадукты, цытрусавыя, плодаагароднінную прадукцыю?”

Дзе вяскоўцы пры неабходнасьці набываюць гэты недавезены асартымэнт? Паслухаем уладальніка прыватнай гандлёвай фірмы ў райцэнтры Іванава на Берасьцейшчыне Сяргея Сідарчука.

(Сідарчук:) “Сярэдняя нацэнка ў мяне на прадпрыемстве – 14 працэнтаў. Хіба зможа са мной канкураваць дзяржаўнае прадпрыемства? Ну, бярэм райспажыўсаюз. Існуе аўтапарк, там мэханік, дырэктар – усе ж езьдзяць на службовых аўтамашынах. Гэта ж трэба неяк раскладваць, правільна? А ў мяне быццам бы фірма салідная і абарачэньне вялікае, а ежджу на сваёй аўтамашыне”.

У мінулым годзе прадпрымальнік Сяргей Сідарчук прэтэндаваў на гандлёвае абслугоўваньне паўтара дзясятка закінутых вёсак. Яму ня дазволілі гэтага зрабіць. І вось у цяперашнія маразы амаль у палову зь іх не давозяць нават хлеба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG