Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор подпісаў за З.Пазьняка працягваецца, нягледзячы на затрыманьні


Радыё Свабода Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах пачалі здаваць падпісныя лісты ў раённыя выбарчыя камісіі. Збор і здача подпісаў за вылучэньне кандыдатаў завяршаюцца 27 студзеня. Тым часам у ініцыятыўнай групе Зянона Пазьняка заяўляюць, што пакуль не здаюць сваіх подпісаў у выбарчыя камісіі, а выпрацоўваюць далейшую стратэгію дзеяньняў у сувязі з тым, што менская міліцыя ў нядзелю затрымлівала зборшчыкаў подпісаў на чале зь Сяргеем Папковым, якія інфармавалі аб “народным галасаваньні”.

У выніку затрыманьня ў Менску адразу двух пікетаў зборшчыкаў подпісаў за Зянона Пазьняка на аднаго сябра ініцыятыўнай групы быў складзены пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак, паведаміў кіраўнік групы Сяргей Папкоў. У Фрунзенскім райаддзеле міліцыі падчас затрыманьня спадару Папкову заявілі, што накіруюць і адпаведны ліст у ЦВК. Зыходзячы з таго, што ў ягонай ініцыятыўнай групы ўжо ёсьць адно папярэджаньне ЦВК, Сяргей Папкоў мяркуе, што гэта можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі іх кандыдата.

Нягледзячы на затрыманьні, ініцыятыўная група Зянона Пазьняка працягвае збор подпісаў, а таксама інфармаваньне аб “народным галасаваньні”, паведаміў яе старшыня Сяргей Папкоў. На сёньня сабрана 125 тысяч подпісаў. Наконт таго, калі і як іх здаваць, паводле Сяргея Папкова, яшчэ няма рашэньня:

(Папкоў: ) “Будзем думаць, што рабіць. Нам ультыматум паставілі, і мы ня хочам быць пешкамі ў іхнай гульні”.

Сам Зянон Пазьняк выказаў пратэст у сувязі з апошнімі падзеямі.. Ён лічыць, што сябры ягонай ініцыятыўнай групы дзейнічалі законна, інфармуючы людзей аб выбарах, аб ініцыятыве “народнага галасаваньня”.

(Пазьняк: ) “Яны зразумелі, што калі я прыеду, то сытуацыя з народным галасаваньнем будзе рэальнай. Яны гэта адчулі, і таму ўсё гэта зроблена для таго, каб любымі спосабамі ня даць магчымасьці мне легальна вярнуцца ў Беларусь”.

Тым часам кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб паведаміў што за ягонага кандыдата сабрана 146 тысяч подпісаў, каля 30 тысяч зь іх ужо здадзены ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

Як сьведчыць кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Бухвостаў, за Мілінкевіча сабрана больш як 200 тысяч подпісаў, 40 тысяч зь іх здадзена ў выбарчыя камісіі. Спадар Бухвостаў зазначыў, што асаблівых цяжкасьцяў падчас выкананьня гэтай працэдуры не ўзьнікае. За Сяргея Скрабца сабрана каля 80 тысяч подпісаў, паведаміў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Сяргей Галаганюк.

Новай інфармацыі пра тое, колькі подпісаў сабрана за Валерыя Фралова і Аляксандра Лукашэнку, няма. Раней іх ініцыятыўныя групы казалі пра 90 і 930 тысяч адпаведна. Збор подпісаў за Сяргея Гайдукевіча быў спынены яшчэ на мінулым тыдні, калі ён меў 135 тысяч подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG