Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці шмат людзей у Менску сталі ахвярамі маразоў?


Радыё Свабода У Беларусі ўжо некалькі дзён моцныя маразы. Адпаведна захоўваецца небясьпека для здароўя і бясьпекі людзей.

Сёньня ў інфармацыі для журналістаў галоўны хірург Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Ваявода паведаміў, што ў краіне за апошнія дні больш як 500 чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу з абмаражэньнямі. Са словаў мэдыка, ёсьць і трагічныя выпадкі.

(Ваявода: ) “Людзі проста замерзьлі. Ну, гэта тычыцца людзей сталага веку. Людзей, якія церпяць ад розных захворваньняў — сасудзістых, сардэчна-сасудзістых”.

Галоўны хірург краіны не адказаў на пытаньне, колькі жыцьцяў забралі халады. Зьвяртаюся ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтар. У папярэднія дні, і пра гэта паведамляла Радыё Свабода, тут дапамогу атрымалі больш як 120 чалавек з усяго Менску. Сёньня, як высьвятляецца ў гутарцы з загадчыкам апёкавага аддзяленьня Міхаілам Галіноўскім, пацярпелых даводзіцца разьмяркоўваюць у іншыя шпіталі.

(Галіноўскі: ) “Вязуць усіх людзей цяпер не ў адзін цэнтар, а па ўсіх лякарнях гораду, дзе ёсьць хірургічныя аддзяленьні”.

Чаму зьмянілі ранейшы парадак?

(Галіноўскі: ) “Таму што паступае вельмі шмат хворых. У адзін жа стацыянар немагчыма іх разьмясьціць”.

Далейшыя спробы атрымаць дакладныя зьвесткі пра колькасьць абмарожаных, а тым больш памерлых ад холаду, становяцца праблематычнымі. У розных лякарнях мэдыкі знаходзяць прычыны, каб адмовіцца ад гутаркі з карэспандэнтам. Застаецца апошняе: удакладніць статыстыку пахаваньняў на могілках Менску. Гутару з начальнікам цэху рытуальных паслугаў “Спэцкамбінату” Ірынай Шапавалавай.

(Шапавалава: ) “Ну, вось атрымліваецца, што ў марозныя дні ў нас самая вялікая колькасьць пахаваньняў. Вось я гляджу: 23, 27...”

Са словаў суразмоўцы, і гэтая статыстыка адносная. Целы памерлых — асабліва так званых людзей зь нявызначаным месцам жыхарства, альбо папросту бамжоў — застануцца пакуль у моргах. Ірынай Шапавалава тлумачыць прычыну:

(Шапавалава: ) “Канечне, цяжка ў зімовы час капаць. Сямейныя магілы накрываюцца на зіму. А пад пахаваньні — гэта голая зямля”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG