Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэчыцы падпалілі аўтамабіль актывіста каманды Фралова


Радыё Свабода Сёньня раніцай у Рэчыцы адбыўся пажар у гаражы, дзе знаходзіўся аўтамабіль Алега Шабетніка, раённага каардынатара ініцыятыўнай групы Валерыя Фралова. Спадар Шабетнік лічыць здарэньне падпалам і зьвязвае гэта са сваёй палітычнай дзейнасьцю.

Сёньня рэчыцкія сябры ініцыятыўнай групы генэрала Фралова на чале з Алегам Шабетнікам плянавалі аднесьці на зацьвярджэньне ў мясцовую тэрытарыяльную камісію сабраныя ў раёне подпісы. Раніцай яны пайшлі па аўтамабіль, які знаходзіўся ў арандаваным на ноч гаражы. Спадар Шабетнік працягвае:

(Шабетнік: ) “Мы прыйшлі ў гараж і ўбачылі, што там стаяць пажарныя машыны, гасяць, выламалі дзьверы. Загарэўся дах з кутка, частка машыны абгарэла. Пажарнікі сказалі, што гэта падпал, бо праводка была цэлая. Яны адразу адкінулі кароткае замыканьне, адразу выключылі печку. А менавіта з боку даху падпал — наўмысны падпал”.

У раённым аддзеле надзвычайных сытуацыяў пацьвердзілі факт пажару ў гаражы. Аднак пра падрабязнасьці здарэньня гаварыць адмовіліся. Гаворыць супрацоўнік аддзелу прапаршчык Граўцэвіч:

(Граўцэвіч: ) “Інфармацыі ня можам даць. Вядзецца расьсьледаваньне”.

Тым часам, Алег Шабетнік разам з актывістам прадпрымальніцкага руху Леанідам Неварам, які зьяўляецца каардынатарам ініцыятыўнай групы Фралова па Гомельскай вобласьці, паінфармавалі пра здарэньне раённага пракурора. Яны заявілі, што зьдзейсьнены падпал ёсьць помстай за іх актыўную палітычную дзейнасьць. Спадар Невар, у прыватнасьці, патлумачыў:

(Невар: ) “Тое, што здарылася сёньня з Шабетнікам, гэта ёсьць 100-працэнтная палітычная замова. Частку задачы, якую яны ставяць перад сабой, ужо выканалі. Адна з нашых сябраў ініцыятыўнай групы, якая сабрала подпісы, ужо адмаўляецца ісьці іх рэгістраваць”.

Леанід Невар таксама паведаміў, што сёньня ў другой палове дня ў гараж на месца пажару прыбыла група прадстаўнікоў аддзелу надзвычайных сытуацыяў на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Носавым, якія агучылі новую вэрсію пажару:

(Невар: ) “Што агонь пачаўся на ўзроўні машыны. Хаця бампэр машыны не згарэў. А яны цяпер пішуць вэрсію, што загарэўся нібыта ад недапалка варштат. Вэрсію яны даюць абсурдную, таму што першыя пажарнікі, якія тушылі, адназначна сказалі, што пажар пачаўся зьверху”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG