Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску былі затрыманыя зьбіральнікі подпісаў за Зянона Пазьняка


Радыё Свабода Да канца збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты застаецца шэсьць дзён. Нават у 20-градусны мароз працуюць сябры ініцыятыўных групаў Аляксандра Казуліна, Аляксандра Мілінкевіча і Зянона Пазьняка. Учора міліцыянты спрабавалі перашкодзіць распаўсюду інфармацыі пра народнае галасаваньне.

У Менску міліцыянты затрымалі чатырох збіральнікаў подпісаў за Зянона Пазьняка. Кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Папкова, а таксама Тацяну Цяцёркіну, Ангеліну Масюту і Валерыя Забродзіна даставілі ў Кастрычніцкую раённую ўправу міліцыі. У падземным пераходзе каля чыгуначнага вакзалу, а таксама ў пераходзе станцыі мэтро “Інстытут культуры” яны распаўсюджвалі інфармацыю пра народнае галасаваньне. У Кастрычніцкай управе міліцыі нам коратка патлумачылі прычыны затрыманьня.

(Міліцыянт: ) “Для ўстанаўленьня асобы”.

Дзяжурны міліцыянт сказаў, што пакуль пратаколы не складаліся. Сябра ініцыятыўнай групы Юрась Беленькі, які суправаджаў затрыманых, цьвердзіць, што ў Сяргея Папкова былі ўзятыя тлумачэньні, а на спадарыню Масюту міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд інфармацыі без выходных дадзеных. Паводле спадара Беленькага, на зьбіральнікаў робіцца псыхалягічны ціск і затрыманьне было незаконным.

(Беленькі: ) “Абсалютна незаконнае, таму што кожны чалавек мае права распаўсюджваць інфармацыю. І калі чалавек мае 8 экзэмпляраў інфармацыйных матэрыялаў, то ніякіх падстаў няма, каб гэтага чалавека затрымліваць. Выцягваюцца за вушы нейкія моманты, проста палітычнае рашэньне паступіла, каб спыніць распаўсюд інфармацыі пра народнае галсаваньне”.

У Бабруйску падчас збору подпісаў у адным з дамоў быў зьбіты сябра ініцыятыўнай групы спадара Мілінкевіча Сяргей Лацінскі. На яго накінуўся гаспадар адной з кватэраў. На месца здарэньня была выкліканая міліцыя. Паводле дэпутата мясцовага Савету Алеся Чыгіра, у Бабруйску гэта першы выпадак агрэсіўнага стаўленьня да зборшчыка подпісаў.

(Чыгір: ) “Мужчына, які накінуўся з кулакамі, яму 65 год, ён быў п’яны, сказаў, што яны прадаліся…Раней такой агрэсіі не было. А зараз такая палярызацыя адбылася: альбо цябе сустракаюць вельмі цёпла, прыязна альбо вось такое агрэсіўнае стаўленьне. Людзі наглядзяцца беларускага тэлебачаньня і пасьля ўспрымаюць гэта як кіраўніцтва да дзеяньняў”.

У Першамайскай управе міліцыі Бабруйска нам пацьвердзілі, што гэты інцыдэнт меў месца.

(Міліцыянт: ) “Заява зарэгістравана. Выдадзена накіраваньне на зьняцьцё пабояў. Засталося атрымаць заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы і справа пойдзе. Хутчэй за ўсё, будзе накіравана ў суд. У залежнасьці ад цяжкасьці цялесных пашкоджаньняў”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Казуліна Мечаслаў Грыб зьвяртае ўвагу на тое, што зборшчыкаў подпісаў, як і раней не пускаюць у інтэрнаты. А на скаргі ініцыятыўных групаў у Цэнтаравыбаркаме не рэагуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG