Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе збор подпісаў у менскіх кватэрах?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску працягвалі збор подпісаў ініцыятыўныя групы дэмакратычных кандыдатаў – Аляксандра Казуліна, Аляксандра Мілінкевіча, Зянона Пазьняка. Сябры ініцыятыўнай групы спадара Пазьняка раздавалі ў падземных пераходах улёткі аб народным галасаваньні і трымалі плякаты - “Народным галасаваньнем спынім фальсіфікацыі рэжыму”.

Разам са зборшчыкамі подпісаў я пабываў на вуліцы Касманаўтаў у менскім мікрараёне “Паўднёвы захад”. На вуліцы было больш за 20 градусаў марозу, але і ў занядбаных пад’ездах вельмі холадна і змрочна. Нам адчынілі дзьверы вельмі ветлівыя гаспадары – Галіна Іванаўна і Іван Васільевіч і іхныя дзеці. У чатырохпакаёвай кватэры жыве васьмёра чалавек, маці гаспадыні, якая прыехала з вёскі, а таксама сям’я адной з дачок. Усе вырашылі падпісацца за Аляксандра Мілінкевіча. Ці прыходзілі сюды іншыя зборшчыкі подпісаў?

(Маладзіца: ) “Прыходзілі, за Лукашэнку. Але мы не падпісваліся. Не захацелі”.

(Галіна Іванаўна: ) ”Хадзіла настаўніца з нашага пад’езда, прыходзілі да нас, за Лукашэнку. І яшчэ ў вёсцы хадзілі там, прымушалі нават вяскоўцаў падпісвацца за Лукашэнку”.

(Маладзіца: ) “Мы хочам за каго-небудзь іншага”.

(Галіна Іванаўна: ) ”Я за Лукашэнку не падпісвалася. Я хачу, каб нехта іншы ўжо быў, можа, будзе лепш. Пэнсіі больш будзе, бо за 200 тысяч пэнсіі не пражывеш”.

(Маладзіца: ) “Ужо тэрмін прайшоў па канстытуцыі і трэба ўжо неяк трымацца канстытуцыі”.

А вы чакалі нейкіх іншых зборшчыкаў подпісаў?

(Галіна Іванаўна: ) ”Мы чакалі. Я ўжо сёньня кажу, можа, да крамы пойдзем, можа там хто-небудзь будзе стаяць”.

(Зборшчык: ) За Мілінкевіча зьбіраем подпісы.

(Спадар: ) “Двума рукамі за”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што павінны быць перамены. І да лепшага.” А тут нідзе не зьбіраюць на вуліцы подпісы?

(Спадар: ) “У пераходзе на плошчы Якуба Коласа бачылі, але ж чакалі, пакуль прыйдуць дахаты”.

Іншы раз кватэры ня маюць званкоў і таму даводзіцца пагрукацца.

(Гаспадар: ) “І што? Я твайго Мілінкевіча на станцыі мэтро “Усход” бачу кожны дзень. І далей што?”

(Зборшчык: ) “Падпісаліся ўжо?

(Гаспадар: ) “Ды…падпісаўся ўжо пяць разоў. Усё. Да відзэньня, як кажуць палякі”.

Некаторыя грамадзяне кажуць, што ня ведаюць прэтэндэнтаў у кандыдаты, не хапае інфармацыі. А іншыя вырашылі за каго галасаваць.

(Бабуля: ) “Я ўжо падпісалася. За нашага прэзыдэнта.

(Бабуля: ) “За Лукашэнку. А што мне дрэнна?”

(Спадарыня: ) “Нікога больш ня ведаю. Можа нават і на выбары не пайду. Таму што я ведаю, хто будзе, што будзе толькі Лукашэнка. Вось і ўсё. І ўсе вы пра гэта ведаеце”.

Зборшчык подпісаў Аляксей Кавалец падсумоўвае вынікі.

(Кавалец: ) “Вынікі чаканыя. Гледзячы на пад’езды, у якім яны стане, можна было і чакаць такіх вынікаў. Мы патрапілі можа ў трэцюю частку кватэраў у пад’ездзе. З двух пад’ездаў 14 подпісаў мы сабралі. Што маем, тое маем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG