Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці маюць радыёнукліды беларускія прадукты ў Маскве?


Радыё Свабода Алена Тэр-Мартыросава, адказная супрацоўніца ўраду Масквы ў пытаньнях радыяцыйнай бясьпекі, заявіла ў інтэрвію агенцыі “Франс Прэс” пра наяўнасьць вялікай колькасьці радыёнуклідаў у тых беларускіх прадуктах, якія трапляюць на рынкі Масквы. Паводле спадарыні Тэр-Мартыросавай, штогод на маскоўскіх рынках канфіскуюцца сотні кіляграмаў грыбоў, ягад, сабраных у забруджаных радыяцыяй лясах Беларусі, Украіны, Расеі, а таксама іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Хто ў Беларусі можа быць адказным за падобныя пастаўкі радыёактыўных тавараў у расейскую сталіцу?

Серафіма Кукіна, намесьніца аддзелу забруджаных тэрыторыяў у Дзяржкамчарнобылі, у размове са Свабодай цалкам выключыла легальны шлях вывазу зь Беларусі ў Маскву “багатых на радыянукліды прадуктаў”.

(Кукіна:) “Калі ж пастаўкі ідуць незаконным шляхам, то гэта цалкам магчыма. Калі законным, то выключана. Таксама невядома, хто ажыцьцяўляе гэты незаконны шлях. Альбо самі расейцы прыяжджаюць у Беларусь, купляюць і вывозяць нейкім чынам…Альбо нашы людзі пастаўляюць. Але я ня думаю, што гэта беларусы. Нас масквічы пра гэта ва ўсялякім разе не інфармавалі. Цікава, калі ў Маскве канфіскавалі прадукты, то чаму нас не сталі інфармаваць пра тое, што ёсьць праблемы, пра тое, хто рэалізаваў гэтыя грыбы-ягады? Беларусы ці масквічы самі? Чаму б Маскве не праінфармаваць рэспубліку?”

Паводле спадарыні Кукінай, існуючая ў Беларусі сыстэма кантролю ставіць магутную заслону на легальнай рэалізацыі і пастаўках радыёактыўных прадуктаў. Аднак, лічыць адказная супрацоўніца Дзяржкамчарнобылю, у бясьпецы харчаваньня павінны быць зацікаўленыя ня толькі вытворцы і гандляры, а таксама і спажыўцы. Калі сяляне абавязаныя несьці сваю прадукцыю на кантроль у лябараторыі, то пакупнікі на рынках мусяць патрабаваць ад гандляроў дакумэнты на дазвол аб продажы.

Дырэктар менскага Інстытута радыяцыйнай бясьпекі, прафэсар Васіль Несьцярэнка ў гэтым зьвязку ўзгадвае знаёмую многім карціну, калі ўздоўж беларускіх дарогаў стаяць людзі, якія гандлююць грыбамі, ягадамі, рознымі прысмакамі. Машыны спыняюцца, прадукты купляюцца. Ці такі выпадак…

(Несьцярэнка:) “Вядома, што ў верасьні, на балотах Палесься калясальны ўраджаў журавінаў. Зразумела, ягады гэтыя радыёактыўныя. Я ведаю, што калі ідзе нарыхтоўка журавінаў, расейскія бізнэсоўцы прыяжджаюць ў Беларусь і плацяць сялянам за журавіны ў два разы болей, чым розныя мясцовыя нарыхтоўчыя канторы. Зразумела, самі вяскоўцы не кантралююць гэтыя ягады. Навошта ім кудысьці ехаць у раённыя лябараторыі, калі ягады і так купляюць. Я ведаю такія выпадкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG