Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут Гэлапа праводзіць дасьледаваньні выбарчай кампаніі ў Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск На пазалеташнім рэфэрэндуме наконт магчымасьці для Аляксандра Лукашэнкі балятавацца на выбарах неабмежаваную колькасьць разоў Літоўскае аддзяленьне Інстутыта Гэлапа правяло апытаньне на выхадах з участкаў “экзіт-пол”. Згодна зь яго вынікамі Лукашэнка не атрымаў канстытуцыйнай большасьці галасоў, што дала апазыцыі дадатковыя падставы для аспрэчваньня вынікаў рэфэрэндуму. Якім чынам гэтая арганізацыя будзе дасьледаваць сёлетнія выбары ў Беларусі, ў інтэрв’ю нашаму радыё распавяла кіраўніца Літоўскага аддзяленьня Інстытута Гэлапа Раса Алішаўскенэ

Раса Алішаўскенэ паведаміла, што яе арганізацыя ўжо ажыцьцяўляе перадвыбарчыя сацыялягічныя дасьледаваньні ў Беларусі. Першае апытаньне было праведзенае да абвяшчэньня даты выбараў – у верасьні– кастрычніку мінулага года. Нядаўна было зробленае яшчэ адно апытаньне, зараз вядзецца апрацоўка яго вынікаў, якія афіцыйна будуць апублікаваныя праз тыдзень–паўтара. Да 19 сакавіка Літоўскае аддзяленьне Інстытута Гэлапа мае намер правесьці яшчэ прынамсі некалькі такіх апытаньняў, у тым ліку з мэтай высьвятленьня рэйтынгаў кандыдатаў, – паведаміла Раса Алішаўскенэ:

(Алішаўскенэ: ) “У залежнасьці ад таго, якія вынікі будуць, калі ня будзе нейкай вялікай дынамікі, ня будуць моцна мяняцца настроі, то няма сэнсу часта іх праводзіць, калі ж будуць такія зьмяненьні, тады будзем болей праводзіць апытаньняў”.

Пазалетась Літоўскае аддзяленьне Інстытуту Гэлапа праводзіла ў Беларусі сацыялягічнае дасьледаваньне ў дзень рэфэрэндуму на выхадах з выбарчых участкаў, так званы “экзіт пол”. Аднак яшчэ няма рашэньня, ці будзе гэтак і сёлета, хаця спадарыня Алішаўскенэ хацела б яго зрабіць.

(Алішаўскенэ: ) “Няясна, як там увогуле – можна ці нельга праводзіць. У першую чаргу паглядзім, што законы гавораць на гэты конт, год таму не было нічога аб гэтым сказана ў заканадаўстве. А цяпер няясна”.

Спадарыня Алішаўскенэ кажа, што не хацела б загадзя агалошваць усе свае пляны, паколькі сёлета магчымасьці для правядзеньня сацыялягічных апытаньняў у Беларусі на выбарчую тэматыку пагоршыліся.

(Алішаўскенэ: ) “Так, крыху складаней, і людзі болей баяцца адказваць, больш адмоваў ёсьць. Але пакуль што яшчэ не дайшло да такога, каб немагчыма было апытваць, ёсьць боязьнь, але не настолькі вялікая, каб нельга было давяраць вынікам дасьледаваньняў”.

Яшчэ адна праблема ў тым, што Літоўскае аддзяленьне Інстытута Гэлапа не мае ў Беларусі свайго офіса і адпаведна, акрэдытацыі пры ўладных структурах, якую зь нядаўняга часу патрабуе ўрад для сацыялягічных службаў. Спадарыня Алішаўскенэ кажа, што яна вырашае гэтую праблему легальна, хаця і не хоча казаць у прэсу, якім чынам. Непасрэдна для апытаньняў на месцах арганізацыя наймае спэцыялістаў у Беларусі:

(Алішаўскенэ: ) “Іх даволі шмат, дастаткова, каб палявыя дасьледаваньні нармальна праводзіць. Гэта прафэсійныя людзі, але не хачу называць фірмы і імёны, каб ім там перад выбарамі не нашкодзіць”.

Апрача Літоўскага аддзяленьня Інстытута Гэлапа пра сваё жаданьне праводзіць сацыялягічныя апытаньні на выбарчую тэму заяўлялі і шэраг беларускіх дзяржаўных і прыватных сацыялягічных службаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG