Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Шутовіч


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Калі ў 60-70-я гады мінулага стагодзьдзя вам даводзілася бываць у Віленскай карціннай галерэі, якая месьцілася тады ў Катэдры на пляцы Гедыміна, вы і не падазравалі, што, магчыма, найлепшую экскурсію тут мог бы правесьці не супрацоўнік музэю, а... ягоны вартаўнік.

Вартаўніка звалі Янка Шутовіч.

Ён нарадзіўся 24 студзеня 1904 году на Ашмяншчыне. Асьвету здабываў ў Віленскай беларускай гімназіі і на юрыдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. У тагачаснай Вільні, што была неафіцыйнай сталіцай Заходняй Беларусі, Шутовіч рэдагаваў пэрыёдыкі “Студэнцкая думка” і “Шлях моладзі”, выдаваў часопіс “Калосьсе”, дзе друкаваліся Натальля Арсеньнева і Максім Танк, Антон і Янка Станкевічы... (Фотакопіямі гэтых выданьняў мы зачытваліся ў сваім адраджэнцка-самвыдавецкім юнацтве).

Адданасьць Янкі Шутовіча беларускай справе не засталася незаўважанай і з польскага канцлягеру ў Бярозе-Картузкай ён выйшаў толькі ў верасьні 1939-га.

Але Шутовіч быў з тых, для каго новая ўлада неўзабаве таксама пачала рыхтаваць надзейнае месца за калючым дротам. 1941-шы засьпеў Шутовіча на пасадзе дырэктара Віленскага беларускага музэю. Калі над найкаштоўнейшымі экспанатамі навісла пагроза вывазу ў Нямеччыну, дырэктару ўдалося перахаваць іх у сутарэньнях касьцёлу сьвятога Міхала пад апекай ксяндза Адама Станкевіча.

19 лістапада 1944 году стала апошнім днём працы Шутовіча ў музэі. З ГУЛагу ён вярнуўся ў Вільню ў 1956-м. Беларускага музэю ўжо даўно не існавала, але некаторыя ягоныя экспанаты патрапілі ў Карцінную галерэю. Мо якраз гэтая акалічнасьць паспрыяла таму, што зь небагатых магчымасьцяў працаўладкаваньня ён выбраў пасаду начнога вартаўніка галерэі.

Лягерныя гады ня здолелі забіць у ім дасьледніка і літаратара. Гэта Шутовіч знайшоў у архіве рукапіс раману Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары”. Сярод ягонай неапублікаванай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра сябра – выдатнага беларускага сьпевака Міхала Забэйду-Суміцкага.

P.S. Пры падрыхтоўцы перадачы выявілася, што ў Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (гэтаксама як і ў Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі) памылкова пададзеная дата сьмерці Янкі Шутовіча. Насамрэч ягоны жыцьцёвы шлях завяршыўся 9 сьнежня 1974 (а не 1973) году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG