Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняцьцё сьцяга з гарвыканкаму ўлады ўважаюць за хуліганства


Любоў Лунёва, Менск Пракуратура Маскоўскага раёну Менску мусіць вынесьці афіцыйнае абвінавачаньне і абраць меру стрыманьня актывістам моладзевага дэмакратычнага руху Зьмітру Касьпяровічу, Зьмітру Гаўрусіку і Паўлу Батуеву. Іх затрымалі ноччу з 17 на 18 студзеня. Сьледзтва падазрае маладафронтаўцаў у тым, што яны намагаліся на даху будынку Менгарвыканкаму зьняць дзяржаўны сьцяг і замяніць яго на бел-чырвона-белы.

Сьледчыя міліцыі Маскоўскага раёну зьнялі падазрэньні супраць Зьмітра Касьпяровіча, Паўла Батуева і Зьмітра Гаўрусіка ў “зьнявазе і зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў”. Хлопцаў падазраюць толькі ў хуліганстве. Намесьнік старшыні “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч лічыць, што ўлады ня будуць ужываць палітычных артыкулаў у часе выбарчай кампаніі.

(Дашкевіч: ) “Безумоўна, артыкул, паводле якога затрымалі Зьмітра і хлопцаў, зьяўляецца палітычным. Я не выключаю, што акрамя артыкулу за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў, ім могуць, як гэта робіцца ў нашай краіне, “прышыць” супраціў міліцыі. Могуць напісаць, што абражаў, ці зрываў пагоны”.

На кватэрах у маладафронтаўцаў супрацоўнікі міліцыі зрабілі ператрус. Жонка Зьмітра Гаўрусіка Тацяна Сапега распавяла Радыё Свабода, што пасьля ператрусу дагэтуль прыбіраецца ў кватэры.

(Сапега: ) “У кватэры была я, маленькая наша дачка, якой хутка толькі два месяцы будзе, і дзядуля Зьмітра, якому 78 гадоў. Ён два месяцы таму перажыў сьмерць сваёй жонкі, бабулі Зьмітра. Мы яшчэ нават сваіх сяброў не запрашалі паглядзець на немаўлятка. Таму я вельмі баялася… Чужыя людзі ходзяць у ботах, нераспранутыя. Яны адчынялі шафы, шукалі нешта ў кнігах. Зьвярталі ўвагу перш за ўсё на друкаваныя выданьні, на рукапісныя. Папераў у нашай кватэры шмат, бо я пішу дысэртацыю”.

Тацяна апавяла, што супрацоўнікі міліцыі паскардзіліся ёй, што ім самім непрыемна займацца гэтай справай. Яны забралі некалькі асобнікаў газэтаў і студэнцкіх часопісаў.

А другой гадзіне ночы скончыцца тэрмін, калі можна трымаць хлопцаў пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня. Абаронцы маладафронтаўцаў спадзяюцца, што пракуратура пасьля допытаў вырашыць адпусьціць Зьмітра Касьпяровіча, Паўла Батуева і Зьмітра Гаўрусіка пад падпіску пра нявыезд на час сьледзтва.

Гл. таксама • Над Менгарвыканкамам мог зноў зьявіцца бел-чырвона-белы сьцяг
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG