Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На працэсе над Скрабцом сьведка часткова пацьвердзіла вэрсію пракуратуры


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня пяты дзень працэсу над былым дэпутатам і бізнэсоўцам Сяргеем Скрабцом. Адна зь сьведак на сёньняшнім паседжаньні заявіла, што фірма Скрабца гандлёвы дом “Белбабаеўскае” сапраўды мела перавагі ў атрыманьні крэдытаў у “Беларусбанку”, таму што былы кіраўнік фірмы быў дэпутатам.

Раней на працэсе выступалі сьведкі, паказаньні якіх збольшага пацьвярджалі пазыцыю Сяргея Скрабца, які лічыць сябе невінаватым. Прыкладам, бізнэс-партнэр Сяргея Скрабца Раман Рыўкін заявіў, што крэдыты, якія, паводле сьледзтва, выманьваў Сяргей Скрабец у “Беларусбанку”, насамрэч былі атрыманыя законна, а не вярнулі іх, бо гэтаму перашкодзілі сьледчыя органы праз фальшаваньне крымінальнай справы.

Сёньня ў судзе выступіла Валянціна Кітчанка, якая раней працавала начальніцай аддзелу крэдытаваньня 510-га філіі “Беларусбанку”. У гэтай філіі гандлёвы дом “Белбабаеўскае” атрымаў крэдыт на 320 тысяч даляраў, які ня быў вернуты банку. Нагадаю, раней фірмай кіраваў Сяргей Скрабец, але пасьля абраньня дэпутатам ён вызваліў месца дырэктара. Сьледзтва пераканана, што дэпутат зрабіў гэта фармальна, а насамрэч працягваў кіраваць гандлёвым домам “Белбабаеўскае” і гэтым парушыў закон, які забараняе сумяшчаць дэпутацтва з камэрцыйнай дзейнасьцю. Сьведка Валянціна Кітчанка пацьвердзіла: іх банк даў крэдыт фірме дзякуючы асабістым сувязям Сяргея Скрабца і пад ягонае імя, зь ім яна пазьней размаўляла пра вяртаньне грошай.

Але ці азначае гэта, што атрыманы крэдыт фірма “Белбабаеўскае” адпачатку зьбіраліся скрасьці? Валянціна Кітчанка перакананая ў адваротным:

(Кітчанка: ) “Зьбіраліся вяртаць, безумоўна. Я і судзьдзю цяпер казала, што яны ўвесь час заяўлялі, што будуць вяртаць грошы, не адмаўляліся”.

Другая сьведка, яе калега Сьвятлана Наўмовіч, мяркуе, што крэдыт не вярнулі з-за ўмяшальніцтва сьледчых органаў. Сьвятлана Наўмовіч распавяла пра аналягічны выпадак зь фірмай “Белтрэйдэкспа”, якая фігуруе ў справе.

(Наўмовіч: ) “Закрылі рахунак, налічылі нерэальныя падаткі. Як прадпрыемства магло ў такіх умовах працаваць? Зразумела...”

Сяргей Скрабец па-ранейшаму ня ўдзельнічае ў працэсе і працягвае дамагацца, каб яго вызвалілі на час перадвыбарчай кампаніі. Сёньня судзьдзя Віктар Ракіцкі чарговы раз адхіліў гэтае хадайніцтва прэтэндэнта ў прэзыдэнты.

Сяргей Скрабец 20-ты дзень трымае галадоўку. Ён пратэстуе супраць арышту і судовага перасьледу, якія ён лічыць незаконнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG