Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнік нумар 1 зьехаў у Маскву


Радыё Свабода Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ зьвярнулася ў Цэнтравыбаркам з просьбай прыняць яе прадстаўнікоў 27 студзеня. Як арганізоўваецца міжнароднае назіраньне за выбарамі?

Пакуль у Цэнтравыбаркаме ў якасьці міжнароднага назіральніка на прэзыдэнцкіх выбарах зарэгістраваны толькі выканаўчы сакратар СНД Уладзімер Рушайла, які атрымаў пасьведчаньне нумар 1.

Ён ужо наведаў Берасьцейшчыну, дзе цікавіўся працай Берасьцейскай абласной і Бярозаўскай раённай выбарчых камісіяў, а сёньня ён ужо знаходзіцца ў Маскве. Калі спадар Рушайла прадоўжыць назіраньне за перадвыбарчай кампаніяй? Пытаньне да прадстаўніка выканкаму СНД Яўгена Слабады:

(Слабада: ) “Я пакуль сказаць не гатовы, таму што ў яго там вельмі шчыльны графік працы як старшыні выканкаму. На ім жа ня толькі выбарная тэматыка, але і пытаньні Судружнасьці”.

Паводле спадара Слабады, апарат СНД пакуль толькі разаслаў кіраўнікам краінаў-сябраў запыт аб прызначэньні назіральнікаў у склад місіі СНД. Пакуль не вядомыя ні колькасны, ні пэрсанальны склад доўгатэрміновай місіі.

У Цэнтравыбаркам паступіў ліст ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ з просьбай прыняць яго прадстаўнікоў. Мяркуецца, што гэтая сустрэча адбудзецца 27 студзеня. Якраз у гэты дзень завяршаецца збор подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты. Дэлегацыя Бюро мусіць высьветліць, ці магчыма і мэтазгодна назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік раней нэгатыўна выказваўся пра дзейнасьць назіральнікаў АБСЭ. Але ці настроена Цэнтральная камісія на канструктыўную працу зь імі?

(Лазавік: ) “Мы настроены на канструктыўную працу з усімі міжнароднымі назіральнікамі, якія б арганізацыі і структуры яны ні прэзэнтавалі. Але і хацелі, каб была ўзаемнасьць: аб’ектыўнасьць, непрадузятасьць і каб яны выступалі ў якасьці экспэртаў, але ні ў якім разе ня ў якасьці ўдзельнікаў палітычнага працэсу”.

Старшыня АБСЭ Карэл Дэ Гухт атрымаў ліст ад міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава з запрашэньнем Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека разгарнуць місію для назіраньня за выбарамі. “Я чакаю, што беларускае кіраўніцтва забясьпечыць рэгістрацыю ўсіх магчымых кандыдатаў, і выбарчы працэс будзе праводзіцца свабодна і сумленна, зь неабмежаваным доступам да сродкаў масавай інфармацыі ўсіх кандыдатаў”, — сказаў Карэл Дэ Гухт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG