Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ад марозу загінулі чатыры чалавекі, абмарозіліся дзясяткі


Ігар Карней, Менск У Беларусі ад марозу загінулі 4 чалавекі, дзясяткі людзей абмарожаныя. У наступныя дні вельмі халоднае надвор’е захаваецца. 21 студзеня чакаецца: уначы мінус 28°C – 34°C градусы, удзень – мінус 23°C – 29°C, на паўднёвым захадзе Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей мінус 22°C – 27°C градусаў.

Белгідрамэтэацэнтар карэктуе свае ранейшыя прагнозы. Надзвычайныя маразы ня зьменшацца на выходныя, як было заяўлена на пачатку тыдня, а могуць нават узмацніцца. Прыродны катаклізм закрануў практычна ўсіх.

Для спальных раёнаў ужо звыклай стала карціна, калі раніцай аўтааматары бясплённа спрабуюць завесьці свае машыны, цягаючы іх на буксіры. Але мерзнуць ня толькі легкавікі. Абмарожаных і пацярпелых ад пераахалоджаньня людзей — ужо дзясяткі. У Менску абмарожаных вязуць у 2-гі клінічны шпіталь Савецкага раёну. Лекар апёкавага цэнтру адразу даў зразумець, што цэнтар працуе ў надзвычайным рэжыме:

(Лекар: ) “Няма нават хвілінкі, кажыце хутчэй…”

(Карэспандэнт: ) “Паступаюць зь пераахалоджаньнем, абмарожаныя?”

(Лекар: ) “Так, паступаюць, і вельмі шмат”.

(Карэспандэнт: ) “Дзясяткамі?”

(Лекар: ) “Ад учорашняга дня — так. І будзе яшчэ больш. У нас нават узмоцненыя брыгады створаныя. Таму можаце не баяцца, усім акажам дапамогу, усіх выратуем”.

У апёкавым цэнтры шпіталю паведамілі, што ад марозу ў Беларусі загінулі чатыры чалавекі, тры зь іх у Віцебскай вобласьці і адзін у Менску.

У пятніцу і суботу ад заняткаў вызваленыя школьнікі. Аднак бальшыня прадпрыемстваў працуе ў ранейшым рэжыме. Няма ніякіх палёгак і ў месцах пазбаўленьня волі. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў, выпраўлены адбываць пакараньне на так званую “хімію” ў Крупкі, кажа, што ад восені зьмяніў толькі “зброю” — мятлу на сьнегавую рыдлёўку.

(Клімаў: ) “Раніцай было 31 марозу. Але ўсе працуюць”.

(Карэспандэнт: ) “Але кажух які-небудзь выдалі, уцяплілі?”

(Клімаў: ) “Кажух? Адкуль тут кажух? На “хіміі” могуць толькі распрануць. Так, хутчэй распрануць, чым штосьці выдадуць”.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС паведамілі, што надвор’е ніяк не адбілася на рэжымных аб’ектах — асуджаныя працуюць, як сьлед, у закрытых цэхах, дзе марозу няма. Тэмпэратура ў камэрах падтрымліваецца на рэкамэндаванай адзнацы — каля 16—18 градусаў.

А як пераносяць маразы жыхары зьвярынцаў? Супрацоўніца менскага заапарку ў мікрараёне Чыжоўка Вольга Карэйчанка пераконвае: ніякіх эксцэсаў за гэтыя дні не было.

(Карэйчанка: ) “Цьфу-цьфу, у нас праблемаў няма. Адзінае, скажу па сакрэце, вартаўнікі пакутуюць, ім у бытоўцы холадна. Гэты нюанс ёсьць, а з жывёламі ўсё добра.Самыя безабаронныя — гэта, канечне, малпы. Але яны ўсе схаваныя ў цёплых памяшканьнях, там няма ні скразьнякоў, нічога”.

Дзяжурная Белгідрамэтэацэнтру не пакінула спадзяваньняў, што маразы паменшаюць. На наступным тыдні пасьля двух дзён пацяпленьня да 13—15 градусаў марозу слупок тэрмомэтру зноў перакрочыць адзнаку мінус 20.

(Дзяжурная гідрамэтэацэнтру: ) “Чакаецца вельмі халоднае надвор’е, больш за 29 градусаў марозу. Вецер паўночна-ўсходні, 3—8 мэтраў за сэкунду. Атмасфэрны ціск будзе расьці”.

Гл. таксама • З-за халадоў спыняюць працу прадпрымальнікі • З-за маразоў у Віцебску зачынілі школы і вулічныя кірмашы • Моцныя маразы могуць адсунуць эпідэмію грыпу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG