Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску нараджаюць больш, як дзе на Берасьцейшчыне


Радыё Свабода Агляд некаторых выданьняў рэгіянальнай прэсы

"Витебский курьер" у рэдакцыйным звароце дзякуе чытачам за дапамогу газэце, якой адмовілі ў паслугах «Саюздрук» і «Белпошта». «Мы ствараем уласную службу дастаўкі. Таксама газэту можна набыць на гарадзкіх кірмашох,” – піша рэдакцыя.

Улады зачынілі Віцебскае аддзяленьне Саюзу палякаў. «А што будзе з Польскім домам імя Яна Паўла II, якое аддзяленьне арандавала на 98 гадоў і ўклала 300 тыс. даляраў у рамонт? Можа, справядліва было б вярнуць грошы польскім падаткаплатнікам?” – піша “ВК”.

«Выпрабаваньне на моц» – гэта назва артыкула пра тое, як працуе гарадзкі транспарт Віцебска ў маразы. За 18 студзеня з 52 трамваяў 40 псаваліся, апэратыўна рамантаваліся й зноў выходзілі на лінію, з 70 тралейбусаў рэгулярна псавалася палова. З 92 аўтобусаў 20 ня выехалі на працу з-за непаладкаў, выкліканых марозам. 70% віцебскіх гарадзкіх аўтобусаў даўно адслужылі свой тэрмін, таму ня дзіўна, што яны ня вытрымалі выпрабаваньня.

У Полацку міліцыя спрабавала трапіць у кватэру сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, паэткі Леры Сом, сьцьвярджаючы, што суседзі скардзіліся на шум у яе кватэры і на тое, што туды заносілі пакункі ўлётак. Падобна, міліцыянты шукалі каналы распаўсюду незалежнай прэсы, у тым ліку газэты «Твой выбар», якая напярэдадні зьявілася ў горадзе, – лічыць журналіст «ВК» Алесь Козік.

Пра публікацыю ў наваполацкай газэце “Хімік” распавядае журналіст Андрэй Аляксандраў.

(Аляксандраў: ) “У нас у Віцебскай вобласьці працуе гарачая лінія пад гучнай назвай “П’янству – бой!” Можна званіць, паведамляць, дзе самагонку гоняць, дзе падпольныя заводы самі гарэлку круцяць. Шмат дзе на Віцебшчыне, і ў Наваполацку ў тым ліку, забаронены продаж моцных напояў пасьля адзінаццаці вечара. І таму адразу выплылі гэтыя падпольныя кантрабандысты, якія падсоўваюць гарэлку, часам няякасную. Міліцыя спрабуе актывізаваць барацьбу з гэтым”.

«Хімік» нагадвае, што на Віцебшчыне 212 чалавек летась сканалі ад алькагольнага атручваньня.

Лунінецкая “Інформ-Прогулка” піша пра якасьць вады на Палесьсі: вада з верхняга слою глебы ўтрымлівае зашмат нітратаў і нітрытаў, згубных для здароўя, а вада з глыбокіх слаёў жоўтая й нясмачная з-за падвышанага ўтрыманьня жалеза. Аднак многія жыхары Лунінеччыны п’юць “жалезную” ваду: раённы «Водаканал» – стратнае прадпрыемства, якое ня мае сродкаў на адпаведную ачыстку. Надзея толькі на нацыянальны бюджэт, які прадугледжвае паступовае стварэньне “станцыяў абезжалезваньня” ў Лунінцы й Мікашэвічах.

Пінская газэта “Мясцовы час” паведамляе, што Пінск – адзіны горад на Берасьцейшчыне, які пазьбег “дэмаграфічнай ямы”: нараджальнасьць тут перавышае сьмяротнасьць. Аднак моладзь зьяжджае ў большыя гарады, таму за тры гады пінчукоў паменела на 3 тысячы. Цяпер іх каля 130 тыс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG