Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя прафсаюзы выкінутыя за борт


Радыё Свабода Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) атрымаў новы рэглямэнт Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях, які пазбавіў права кангрэсу на ўдзел у працы гэтага органу. Нагадаем, Нацыянальная рада зьяўляецца органам, празь які ўрад, наймальнікі і прафсаюзы дамагаюцца сацыяльнага партнэрства.

Новы рэглямэнт увёў для прафсаюзных аб’яднаньняў колькаснае абмежаваньне на ўдзел у Нацыянальнай радзе. Паводле дакумэнту, права прадстаўніцтва ў ёй атрымалі аб’яднаньні колькасьцю ня менш як 50 тысяч сяброў прафсаюзу.

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў мае ў сваіх шэрагах каля 10 тысяч – у 5 разоў менш патрэбнай лічбы. Гаворыць лідэр БКДП Аляксандр Ярашук:

(Ярашук: ) “З гэтага вынікае, што наша арганізацыя аказваецца за бортам гэтага органу. Гэта настолькі дэманстратыўны выклік. Замест таго, каб нас узнаўляць у працы Нацыянальнай рады, вырашаць канкрэтныя пытаньні заробкаў, ільготаў, аховы працы і г.д., зробленыя захады, каб там і нашага носу не было”.

Як паведаміў спадар Ярашук, дакумэнт пра пазбаўленьне БКДП права на перамовы з урадам і наймальнікамі быў дасланы Фэдэрацыяй прафсаюзаў.

Фэдэрацыя, такім чынам, як лічыць кіраўнік Кангрэсу, атрымала манапольнае права прадстаўляць інтарэсы працоўных на перамовах з урадам і наймальнікамі.

Між тым, прадстаўнік Фэдэрацыі Сяргей Сарокін цьвердзіць, што гэта не зусім так. На яго думку, новы рэглямэнт не выключае прысутнасьці прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў на паседжаньнях Нацыянальнай рады:

(Сарокін: ) “Яны могуць там прысутнічаць, выказваць прапановы, атрымліваць патрэбную інфармацыю. Але падпісвае прадстаўнік найбольш масавага прафсаюзу. Ён надзяляецца правам голасу, ён выказвае, абмяркоўвае прапановы”.

Дэмакратычныя прафсаюзы лічаць такі статус Кангрэса зьневажальным. Гаворыць Аляксандр Ярашук:

(Ярашук: ) “Таму што калі працаваць над выпрацоўкай Генэральнага пагадненьня і ў той жа час цябе пазбавілі законнага твайго месца ў Нацыянальнай радзе, дзе ты ў адпаведнасьці зь беларускімі законамі павінен прысутнічаць, то які сэнс удзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах па падпісаньні Генэральнага пагадненьня. Калі ты ня маеш аніякіх правоў пры ўдзеле ў гэтым працэсе. Падпісваць такі рэглямэнт і ў той жа час заклікаць да працы над генэральным пагадненьнем – гэта трэба быць скончаным цынікам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG