Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не задаволіў просьбу Скрабца зьмяніць меру стрыманьня на час прэзыдэнцкай кампаніі


Радыё Свабода На працэсе над Сяргеем Скрабцом, які працягваецца ў Вярхоўным судзе, судзьдзя працягвае адхіляць хадайніцтвы былога дэпутата. Другі дзень ў судзе гучаць паказаньні сьведкаў, якія збольшага пацьвярджаюць пазыцыю абвінавачаных.

Сяргей Скрабец па-ранейшаму адмаўляецца ўдзельнічаць у працэсе, які з 16 студзеня ідзе ў Вярхоўным судзе. Былога дэпутата разам зь ягоным братам Аляксандрам Скрабцом абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў, адно зь якіх лічыцца цяжкім.

Напачатку сёньняшняга паседжаньня Сяргей Скрабец спрабаваў зрабіць заяву пра палітычны перасьлед, але судзьдзя Віктар Ракіцкі спыніў падсуднага, як толькі пачуў зь ягоных вуснаў пра Аляксандра Лукашэнку. Далей судзьдзя адхіліў хадайніцтва Скрабца аб мэдычным аглядзе і адмовіўся мяняць для яго меру стрыманьня. Сяргей Скрабец прасіў вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд ці пад хатні арышт ў сувязі з перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніяй.

“У мяне няма магчымасьці кіраваць ініцыятыўнай групай, якая зьбірае за мяне подпісы, як гэта робяць іншыя прэтэндэнты”, — даказваў Сяргей Скрабец. Судзьдзю ягоныя аргумэнты не пераканалі.

Сярод сьведкаў, якія выступілі сёньня на працэсе, быў Раман Рыўкін, былы памочнік дэпутата Сяргея Скрабца і дырэктар фірмы “Белтрэйдэкспа”. Гэтая фірма мела цесныя партнэрскія зносіны з гандлёвым домам “Белбабаеўскае”, якім кіравалі спачатку Сяргей Скрабец, а потым ягоны брат Аляксандар. Сяргей Скрабец абвінавачваецца і ў тым, што выманіў крэдыт у “Беларусьбанку” для фірмы “Белтрэйдэкспа”. Два гады таму за гэта ж быў асуджаны Раман Рыўкін. Ён дагэтуль лічыць, што быў невінаваты, крэдыт атрымаў цалкам законна, а справу супраць яго сфальшавалі, і гэта ж робіцца цяпер супраць Сяргея Скрабца. Вось што Раман Рыўкін патлумачыў Радыё Свабода:

(Рыўкін: ) “У нас на офісе забралі ўсе дакумэнты, пячатку, пазбавілі фірму рахункаў, арыштавалі маёмасьць, мяне як дырэктара пазбавілі магчымасьці кіраваць. Потым дачакаліся, пакуль пройдзе тры месяцы, і фірма не вярнула крэдыту, і сказалі, што, паколькі крэдыт не аддадзены, то мы будзем цябе абвінавачваць у выманьваньні крэдыту. А яшчэ мяне спрабавалі абвінаваціць у яго крадзяжы, зусім беспадстаўна. І вось на гэтым працэсе збольшага пакуль што тое самае”.

Сьведка Раман Рыўкін прадставіў суду шэраг дакумэнтаў, якія, паводле яго, пацьвярджалі намер фірмы вярнуць крэдыты “Беларусьбанку” ў поўным аб’ёме. Між тым, падчас допыту сьведкі прадстаўніца пракуратуры Марына Асіпчык некалькі разоў заклікала Рыўкіна быць шчырым і рабіла яму заўвагі, што ён ухіляецца ад адказаў на яе пытаньні. Судзьдзя пацікавіўся ў Рамана Рыўкіна, чаму ён не аспрэчыў прысуду, калі лічыць сябе невінаватым. Сьведка патлумачыў, што правёў у сьледчым ізалятары 25 месяцаў, а пасьля прысуду адразу выйшаў на волю. З адказу сьведкі вынікала, што, калі б ён аспрэчваў прысуд, то сядзеў бы ў турме яшчэ доўга.

Сяргея Скрабца трымаюць за кратамі з траўня мінулага году. Яго абвінавачваюць у выманьваньні крэдыту, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару. 19-ты дзень Сяргей Скрабец трымае галадоўку, пратэстуючы супраць арышту. Ён заяўляе, што яго перасьледуюць за апазыцыйную дзейнасьць і намер абірацца на прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG