Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маразы загналі зборшчыкаў подпісаў у падземныя пераходы


Радыё Свабода Марознае надвор’е паўплывала на актыўнасьць зборшчыкаў подпісаў. Большасьць перадвыбарчых штабоў прэтэндэнтаў не давалі ніякіх адмысловых рэкамэндацыяў адносна згортваньня вулічных пікетаў, даючы магчымасьць сябрам ініцыятыўных групаў самастойна вырашыць, як дзейнічаць.

На адным з самых бойкіх месцаў збору подпісаў, на плошчы Якуба Коласа ў Менску, сёньня не было ніводнага пікету. Зборшчыкі сышлі ў падземны пераход мэтро, што вядзе да Камароўскага рынку. Ля століка сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Мікалая Каралёнка ўвесь час нехта стаіць з пашпартам, таму спадар Каралёнак быў нешмаслоўны:

(Каралёнак: ) “Сёньня кепска, холадна, менш народу праходзіць”.

Непадалёк подпісы за Аляксандра Казуліна зьбіраў Зьміцер Камар:

(Камар: ) “Трошкі ўцяпліўся. Пакуль што не замерз”.

Побач Лявон Сакальчык у валёнках і кажушку зьбіраў подпісы за Зянона Пазьняка:

(Сакальчык: ) “Трымаемся, за Пазьняка можна трохі і памерзнуць”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерыя Фралова Ігар Азарка паведаміў, што вырашылі скасаваць працу ў пікетах і працягваць зьбіраць подпісы толькі па кватэрах. У ініцыятыўнай групе Аляксандра Казуліна зазначылі, што рашэньні на гэты конт прымаюць на месцах. У штабе Аляксандра Мілінкевіча ніякіх рашэньняў на гэты конт не было, паведаміў Сяргей Калякін:

(Калякін :) “Мы працягваем працаваць — канечне, умовы больш жорсткія, людзі будуць часьцей мяняцца і апранацца цяплей”.

Тым часам кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў паведаміў, што на сёньня сабрана 100 тысяч подпісаў за лідэра КХП БНФ. Гэта колькасьць, патрэбная паводле закону для рэгістрацыі спадара Пазьняка кандыдатам на прэзыдэнта.

Спадар Папкоў спадзяецца, што да 27 студзеня будзе сабрана 140 тысяч подпісаў. Ён заявіў, што, калі Зянон Пазьняк будзе зарэгістраваны кандыдатам, то абавязкова вернецца ў Беларусь:

(Папкоў: ) “Як толькі будзе зарэгістраваны — адразу прыедзе. Ніякіх іншых умоваў. Мы тады ўсёй камандай будзем сустракаць яго, арганізоўваць бясьпеку і так далей”.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін заявіў, што за Мілінкевіча сабрана ўжо 200 тысяч подпісаў. Да канца кампаніі ён разьлічвае сабраць 300 тысяч. Акрамя таго, пра пераадоленьне 100-тысячнага рубяжу ў зборы подпісаў заявілі ініцыятыўныя групы Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Казуліна і Аляксандра Лукашэнкі. У ініцыятыўных групах Сяргея Скрабца і Валерыя Фралова паведамілі, што за іх кандыдатаў сабрана адпаведна 57 і 90 тысяч подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG