Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над Менгарвыканкамам мог зноў зьявіцца бел-чырвона-белы сьцяг


Любоў Лунёва, Менск Актывісты незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Касьпяровіч, Зьміцер Гаўрусік і Павал Батуеў знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. На іх завялі крымінальную справу за “зьнявагу і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў”. Хлопцаў падазраюць у тым, што ноччу з 17 на 18 студзеня яны сарвалі з даху будынку Менгарвыканкаму дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг і намагаліся замест яго ўсталяваць нацыянальны бел-чырвона-белы. Апроч гэтага, хлопцаў абвінавацілі ў хуліганстве.

Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, артыкул за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў не прадугледжвае такой меры стрыманьня, як арышт. Іншая справа — абвінавачаньне ў хуліганстве. Кіраўнік сьледзтва Руслан Багданаў паведаміў Радыё Свабода, што Зьмітра Касьпяровіча, Зьмітра Гаўрусіка і Паўла Батуева будуць трымаць у ізалятары часовага ўтрыманьня да 20 студзеня. Потым пракурор Маскоўскага раёну абярэ для іх меру стрыманьня на час сьледзтва.

(Багданаў: ) “Рашэньне пра абраньне меры стрыманьня будзе пасьлязаўтра. Гэтыя два дні яны будуць знаходзіцца ў ізалятары”.

Сябры актывістаў “Маладога фронту” непакояцца, што хлопцаў да суду будуць трымаць пад вартай. Намесьнік старшыні “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч згадвае ў гэтай сувязі ўчынак былога кіраўніка справаў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Івана Ціцянкова:

(Дашкевіч: ) “Можна згадаць выпадак, калі пасьля рэфэрэндуму 1995 году, калі ён яшчэ не пачаў дзейнічаць, Іван Ціцянкоў на даху парлямэнту рваў бел-чырвона-белы сьцяг. За гэта ні яму, ні тым людзям, што былі зь ім, нічога не было. Гэта, нягледзячы на тое, што шмат людзей зьвярталася ў пракуратуру, каб Ціцянкова прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Паўстае пытаньне: чаму Зьмітру Касьпяровічу і яго сябрам, якія зьнялі чырвона-зялёны сьцяг і спрабавалі ўсталяваць бел-чырвона-белы, прышылі справу за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў”.

Пракуратура на звароты грамадзянаў дала афіцыйны адказ, што не знайшла парушэньня закону ў дзеяньнях кіраўніка справаў адміністрацыі Лукашэнкі.

Справа супраць Зьмітра Касьпяровіча, Аляксандра Гаўрусіка і Паўла Батуева за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў — ня першая пасьля рэфэрэндуму 1995 году, у выніку якога бел-чырвона-белы сьцяг перасталі лічыць дзяржаўным.

У 1998 годзе завялі каля дзясятка крымінальных справаў за тое, што ў часе шэсьця 15 сакавіка на Дзень Канстытуцыі юнакі зрывалі дзяржаўныя сьцягі і кідалі іх на асфальт. У 2000 годзе была заведзена крымінальная справа за спаленьне сьцяга на Кастрычніцкай плошчы. Дзяўчыну, якая гэта зрабіла, гарадзкі суд пакараў штрафам.

Калі суд дакажа віну маладафронтаўцаў, іх могуць пакараць штрафам, папраўчымі работамі, арыштам, альбо абмежаваньнем волі тэрмінам да 1 году. Артыкул за хуліганства прадугледжвае больш жорсткія меры пакараньня — нават пазбаўленьне волі.

Расейскі закон прадугледжвае за зьдзек зь дзяржаўнага сьцягу Расеі абмежаваньнем свабоды тэрмінам да двух гадоў, паўгадовым штрафам ці пазбаўленьнем волі на год.

У 2003 годзе камуніст Арцём Беньямінаў залез на дах Дзярждумы Расеі, скінуў расейскі дзяржаўны трыкалёр і павесіў чырвоны савецкі сьцяг. Ён быў асуджаны за зьдзек са сьцягу да году пазбаўленьня волі ўмоўна.

З 1997 па 2000 год ў Расеі паводле артыкулу “Зьдзек са сьцягу” было асуджана 30 чалавек, у пераважнай большасьці яны атрымалі ўмоўныя тэрміны пакараньня.

Летась у Італіі быў прыняты закон, паводле якога за зьдзек зь дзяржаўнага сьцягу парушальніку давядзецца заплаціць 150 эўра, калі ж нехта публічна спаліць ці парве сьцяг, яму давядзецца заплаціць 10 тысячаў эўра.

У Кангрэсе ЗША некалькі разоў рабіліся спробы прыняць закон, які б караў за зьдзек зь дзяржаўнага сьцягу як за крымінальнае злачынства. Але перашкода – у Першай папраўцы да Канстытуцыі, якія забараняе заканадаўцам абмяжоўваць свабоду слова. Гэтая свабода слова ў Злучаных Штатах разумецца пашырана, як любое выказваньне поглядаў, у тым ліку і сымбалічныя акты.

Летась палата прадстаўнікоў ухваліла папраўку да Канстытуцыі, якая гаворыць “Кангрэс павінен мець права забараняць фізычны зьдзек са сьцягу Злучаных Штатаў”. Але працэдура прыняцьця паправак вельмі складаная, каб яна была прынятая, патрэбнае галасаваньне канстытуцыйнай большасьцю ня толькі абедзьвюх палатаў Кангрэсу – на працягу 7 гадоў яе павінны ўхваліць дзьвюма трацінамі галасоў заканадаўчыя сходы ня менш як 38 штатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG