Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабраўшы 135 тысячаў, Гайдукевіч спыняе збор подпісаў


Уладзімер Глод, Менск Ад сёньняшняга дня ініцыятыўная група лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча спыняе збор подпісаў. Штабы іншых патэнцыйных кандыдатаў кампанію працягваюць.

Пасьля таго, як у падтрымку Сяргея Гайдукевіча ўжо выказалася больш за 135 тысяч выбарцаў (а неабходна 100 тысяч), ён палічыў немэтазгодным працягваць гэтую кампанію. Спадар Гайдукевіч у інтэрвію нашаму радыё гаворыць, што ня ставіць за мэту сабраць 200 альбо 300 тысяч подпісаў:

(Гайдукевіч: ) “А які сэнс?! Навошта нашых зборшчыкаў зьнясільваць? Мы так моцна пачалі, бо баяліся, што сьвяточныя дні перапыняць працэс... Паўтара тыдня таму да мяне ў штаб прыяжджалі журналісты на палову адзінаццатай вечара, дык я ляжаў за сталом зьнясілены. Тады мы ўсе вельмі баяліся, што не пасьпеем”.

Ініцыятыўная група Сяргея Гайдукевіча ад сёньняшняга дня пачала ўнутраны кантроль сабраных подпісаў. Перад тым, як аддаць іх на праверку ў Цэнтравыбаркам, вырашылі самастойна адсеяць лісты, аформленыя з памылкамі.

Такі ж працэс пачаўся і ў ініцыятыўнай групе Аляксандра Казуліна. Аднак адначасова тут працягваецца і збор подпісаў. Гаворыць кіраўнік групы Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Працуем у звычайным рэжыме: зьбіраем, завяраем, правяраем подпісы, пачынаем здаваць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі”.

Паводле спадара Грыба, на 18 студзеня ў падтрымку Аляксандра Казуліна ўжо сабрана 128 тысяч подпісаў.

Ігар Азарка, кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерыя Фралова, паведаміў, што пакуль імі сабрана 60 тысяч подпісаў. Цяжкасьці, зь якімі сустракаюцца сябры групы, тыя ж самыя, што і ў бальшыні іншых прэтэндэнтаў:

(Азарка: ) “Яны стандартныя. Мы ня лічым неабходным пра гэта гаварыць, бо ведаем, ува што ўцягнуліся. У якой форме гэта адбываецца? Спыняюць нашых зборшчыкаў, у міліцыю забіраюць, не пускаюць у інтэрнаты... Ну, што тут рабіць?”

Сёньня пачалося і масавае вылучэньне кандыдатаў у сябры ўчастковых выбарчых камісіяў. Паводле ЦВК, у краіне створана каля 7 тысяч такіх камісіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG