Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто не пускае беларускіх гарналыжнікаў за мяжу?


Ігар карней, Менск Цягам месяца ня можа ўрэгулявацца канфлікт паміж некаторымі турфірмамі і амбасадай Нямеччыны ў Менску. Прадстаўнікі турыстычнай галіны вінавацяць дыпляматычнае ведамства ў тым, што ў разгар гарналыжнага сэзону кансулят неабгрунтавана адмаўляе ў выдачы візаў беларускім турыстам. Пры гэтым называюцца сумы стратаў у дзесяткі тысячаў эўра за ўжо аплочаныя гатэлі ў краінах шэнгенскай зоны. Кіраўніцтва амбасады, у сваю чаргу, адказвае, што кіруецца дэкрэтам “Аб супрацьдзеяньні гандлю людзьмі”, якім прадугледжаны жорсткі кантроль над тымі, хто выяжджае зь Беларусі.

Пры тым, што бакі апэлююць да лічбаў, кожны застаецца на сваёй пазыцыі. Так, турыстычны мэнэджэр Васіль Грынь расказвае: у сярэдзіне сьнежня мінулага году ягоная фірма атрымала адмовы па 33 чалавеках, якія афіцыйна заплацілі турфірме, а тая, у сваю чаргу, стопрацэнтна аплаціла пражываньне турыстаў у Аўстрыі. “Цяпер мы ў катастрафічным стане, – напісаў у лісьце да нямецкай амбасады Васіль Грынь. – Нашая фірма вузкапрофільная і арганізуе толькі гарналыжны адпачынак; мы нясем калясальныя маральныя і матар’яльныя страты. Мы маем 30 000 эўра поўнай аплаты за гатэлі на 60 чалавек, тады як візы атрымалі толькі 10-12! Кліенты патрабуюць вярнуць грошы, па якіх аўстрыйскія партнэры ўжо выстаўляюць штрафныя санкцыі”. Пры гэтым, як дадае спадар Грынь, з боку амбасады не рабілася аніякіх заўвагаў наконт таго, што беларускія турысты незаконна зaставаліся ў Нямеччыне.

Апошнім часам у Беларусі зьявілася досыць шмат гарналыжных курортаў, якія, калі верыць афіцыйным СМІ, амаль не саступаюць альпійскім базам. Чаму людзі па-ранейшаму спакушаюць лёс – хоць бы, як у дадзеным выпадку, зь візавай неакрэсьленасьцю?

Як кажуць спэцыялісты, у тым і справа, што “Сілічы” ці “Лагойск”, ня кажучы пра “Якуты” ці “Баяры”, толькі ў сьвядомасьці афіцыйных СМІ могуць канкураваць з альпійскімі курортамі. Васіль Грынь кажа, што нарэшце ў беларусаў зьявіўся шанец далучыцца да агульнаэўрапэйскіх стандартаў. А маё пытаньне наконт “даніны модзе” спадар Грынь крыху адкарэктаваў.

(Грынь: ) “У пэўнай ступені гэта так. Але якая даніна модзе? Я б так сказаў: гэта далучэньне да агульнаэўрапэйскіх каштоўнасьцяў. Адносна такой катэгорыі людзей можна сказаць так. Наконт дарагавізны... Гэта ня тыя грошы, як займацца плаваньнем. Але гэта значна таньней, чым гуляць у хакей ці хадзіць на яхце. Але, натуральна, гэта зараз адно з дарагіх задавальненьняў, рыштунак у коштах проста не абмежаваны. Але пры жаданьні можна і на простых лыжах, у простых ботах атрымліваць задавальненьне ад катаньня”.

Яшчэ летась у сьнежні амбасадар Марцін Хэкер даў пісьмовыя тлумачэньні да павелічэньня колькасьці візавых адмоваў. “На жаль, – напісаў ён, – мы маем усё больш частыя выпадкі, калі ў Нямеччыну імкнуцца грамадзяне, якія хочуць заняцца нелегальнай працоўнай дзейнасьцю, а таксама крымінальныя элемэнты. Таму нашай задачай ёсьць у тым ліку і папярэджаньне нелегальнага выезду ў Нямеччыну”. У размове з карэспандэнтам Свабоды афіцыйны прадстаўнік амбасады Шміт Ноербэрг сказаў, што ведамства працуе фактычна ў тым рэчышчы, што і адпаведны дэкрэт прэзыдэнта.

(Ноербэрг: ) “Калі мы і ажыцьцяўляем грунтоўныя праверкі заяваў, то гэта робіцца ў інтарэсах вашай краіны таксама. Таму што прэзыдэнт сам зрабіў крокі дзеля таго, каб папярэдзіць гандаль людзьмі, жанчынамі перадусім. І мы, як візавы аддзел, зацікаўленыя ў тым, каб прадухіліць такую практыку. Таму і трэба вельмі дакладна правяраць візавыя заявы. Гэта трапляе ў сфэру нашых інтарэсаў. Усе нашыя рашэньні абгрунтаваныя, і ў гэтым сэнсе ў мяне няма чаго дадаць да сьнежаньскага прэс-рэлізу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG