Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК пакуль не разглядае скаргі на ініцыятыўную групу Лукашэнкі


Радыё Свабода Ініцыятыўныя групы Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна накіравалі ў Цэнтравыбаркам некалькі скаргаў на парушэньні пры зборы подпісаў за дзейнага кіраўніка краіны. Рэакцыі ЦВК пакуль няма. Тым часам на заўтра? 18 студзеня, прызначана паседжаньне Цэнтральнай камісіі, на якім будуць разглядаць парушэньні закону групамі Мілінкевіча і Пазьняка

Паводле Сяргея Калякіна, юрыдычная служба перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча разглядае ўсе факты парушэньня закону, што датычаць сябраў іх ініцыятыўнай групы, і накіроўвае скаргі ў пракуратуру і ЦВК. Акрамя таго, накіраваная скарга і адносна парушэньня закону пры зборы подпісаў за А.Лукашэнку, паведаміў кіраўнік юрыдычнай службы штабу Мілінкевіча Ўладзімер Лабковіч.

(Лабковіч: ) “Мы накіроўвалі скаргу пра сыстэмнае парушэньне ў Менску, калі подпісы за Лукашэнку зьбіралі ня сябры ініцыятыўнай групы. І мы па Менску пералічвалі такія пункты”.

Скаргу на парушэньне закону пры зборы подпісаў за А.Лукашэнку накіроўваў і кіраўнік ініцыятыўнай групы А.Казуліна Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Мы пісалі, што ходзяць людзі без пасьведчаньняў, зьбіраюць подпісы працаўнікі за кіраўнікоў, якія зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы, на працоўным месцы, у працоўны час”.

Спадар Грыб мяркуе, што ЦВК магла б запатрабаваць ад групы Лукашэнкі, каб тая выконвала закон. Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік абяцае, што рэакцыя на гэтыя скаргі будзе:

(Лазавік: ) “Па ўсіх гэтых пытаньнях яны атрымаюць адпаведныя адказы”.

Мікалай Лазавік паведаміў, што заўтра на паседжаньні ЦВК будуць разглядацца парушэньні закону ініцыятыўнымі групамі Мілінкевіча і Пазьняка, і кіраўнікоў гэтых групаў чакае сур’ёзная размова:

(Лазавік: ) “Гэтыя дзьве групы падчас збору подпісаў распаўсюджваюць агітацыйныя матэрыялы: улёткі, календары, газэты. Падчас збору подпісаў можна паказваць выбаршчыкам нейкія матэрыялы, можна расказваць, але не раздаваць”.

Паводле спадара Лазавіка, на заўтрашнім паседжаньні ЦВК ня будуць абмяркоўваць скаргаў на парушэньне закону ініцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі.

Тым часам кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін паведаміў, што на 17 студзеня за Аляксандра Мілінкевіча сабрана 150 тысяч подпісаў. Збор подпісаў працягваецца, нягледзячы на затрыманьні сябраў ініцыятыўнай групы і адміністрацыйны ціск, паведаміў спадар Калякін. За Аляксандра Казуліна сабрана 120 тысяч подпісаў, паведаміў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Мечыслаў Грыб. Больш за 100 тысяч подпісаў сабралі таксама С.Гайдукевіч і А.Лукашэнка, іх штабы заяўлялі пра 125 і 930 тысяч адпаведна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG