Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарскі хакеіст: у Менску да нас ставіліся як да каралеўскіх асобаў


Радыё Свабода, Менск У швайцарскім друку зьявіліся ўражаньні аднаго з удзельнікаў Міжнароднага каляднага хакейнага турніру на прыз прэзыдэнта Беларусі. Інтэрвію журналістам даў гулец швайцарскай зборнай вэтэранаў Біт Кілднэр – 41-гадовы галкіпер з лязанскага клюбу “Vallee de Joux” трэцяга дывізыёну нацыянальнага першынства.

“Цяжка ўявіць сабе, каб штосьці падобнае адбылося, напрыклад, у Швайцарыі”, – гаворыць Кілднэр ў размове з “Neue Zuercher Zeitung”.

І ён, і ягоныя калегі па камандзе называюць надзвычайнай тую атмасфэру, якая панавала на гэтым аб''ектыўна “сьціплым спартовым турніры”. “Нас пастаянна суправаджалі паліцэйскія эскорты ды здымачныя групы. Да нас ставіліся як, прынамсі, да каралёў. Асабіста я даўно не атрымліваў такой вялікай асалоды ад хакею”, – кажа Біт Кілднэр, гулец каманды трэцяй швайцарскай лігі.

Біт Кіндлер падкрэсьлівае, што ў Беларусі зь вялікім натхненьнем ставяцца да гэтай гульні. “Тыя намаганьні, якія ўкладаюцца ў разьвіцьцё хакею дзеля будучых пакаленьняў, неверагодныя. Ня выключана, што празь некалькі год беларускія хакеісты дасягнуць міжнароднага ўзроўню”, – сьведчыць спартовец зь Лязаны. “Абы толькі беларускі кіраўнік не зьмяніў сваіх прыхільнасьцяў”, – дадае “Neue Zuercher Zeitung”.
XS
SM
MD
LG