Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штабы чатырох палітыкаў заяўляюць, што ўжо сабралі 100,000 подпісаў


Радыё Свабода Пра пераадоленьне стотысячнай мяжы сабраных подпісаў, якая патрэбна для рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, на сёньня заявілі выбарчыя штабы чатырох палітыкаў — Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Казуліна, Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Мілінкевіча. Збор подпісаў завяршыцца 27 студзеня.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што на панядзелак за яго сабрана каля 125 тысяч подпісаў. Да канца гэтага тыдня збор подпісаў будзе згорнуты і пачнецца іх праверка для здачы ў выбарчыя камісіі, паведаміў спадар Гайдукевіч. Ён заявіў, што ня скардзіцца на ўмовы працы сваёй ініцыятыўнай групы, на ціск міліцыі ці мясцовых уладаў:

(Гайдукевіч: ) “Я ведаў, на што іду, ведаў, у якіх умовах буду працаваць. Што мне скардзіцца, я ў гэтых умовах ужо не адзін год”.

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Казуліна паведамілі пра 120 тысяч сабраных подпісаў, зазначыўшы пры гэтым, што збору подпісаў ня будуць спыняць да 24 гадзін 27 студзеня, ведучы паралельна здачу падпісных лістоў.

На мінулым тыдні ў будынку БРСМ адкрылася грамадзкая прыёмная ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, але там подпісаў не зьбіраюць і ня маюць інфармацыі пра тое, колькі выбаршчыкаў падтрымалі вылучэньне А.Лукашэнкі.

(Супрацоўніца: ) “Я такой інфармацыі не даю, трэба, відаць, з адміністрацыяй зьвязацца. Мы ж вядзем прыём грамадзянаў, разглядаем звароты грамадзянаў”.

На мінулым тыдні было заяўлена, што за Лукашэнку сабрана 930 тысяч подпісаў.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў паведаміў пра 140 тысяч сабраных подпісаў:

(Бухвостаў: ) “Людзі больш пачалі зьбіраць подпісы ў пікетах. Народ падыходзіць, нават чэргі зьяўляюцца, і ў Віцебску, і ў Менску на некаторых пікетах вялікія чэргі ствараюцца зь людзей, якія хочуць паставіць подпісы”.

Аляксандар Бухвостаў зазначыў, што цяпер рыхтуецца скарга з нагоды ўчорашняга затрыманьня міліцыяй двух сябраў ініцыятыўнай групы Мілінкевіча ў Магілёве. Прычым, гэта не адзінкавы выпадак, сказаў спадар Бухвостаў. За Зянона Пазьняка сабрана больш за 75 тысяч подпісаў, паведаміў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Сяргей Папкоў.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы палітвязьня Сяргея Скрабца Сяргей Галаганюк сёньня бачыў свайго прэтэндэнта, але ня здолеў зь ім пагаварыць аб выбарчых справах. Заўтра ён зьбіраецца папрасіць судзьдзю, які вядзе працэс Скрабца, дазволіць абмеркаваць зь ім выбарчую кампанію і атрымаць інструкцыі. Тым часам за Скрабца ўжо сабрана 45 тысяч подпісаў, паведаміў спадар Галаганюк.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерыя Фралова Ігар Азарка паведаміў, што за яго прэтэндэнта сабралі 59 тысяч подпісаў. Спадар Азарка ня скардзіцца на ўціск сябраў сваёй ініцыятыўнай групы:

(Азарка: ) “Усе цудоўна ведаюць, што ў нас творыцца ў Беларусі. Гаварыць пра гэта тысячу разоў, засмучаць людзей — мы лічым гэта немэтазгодным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG