Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка склікае Ўсебеларускі сход


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб скліканьні трэцяга так званага ўсебеларускага народнага сходу. Ён адбудзецца 2-3 сакавіка ў Менску. Паводле прэсавай службы на сход выносяцца пытаньні пра вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ды іншыя.

Першы такі сход адбыўся ў 1996 годзе перад рэфэрэндумам. У мерапрыемстве браў удзел цяперашні прэтэндэнт на кандыдата Сяргей Гайдукевіч. Навошта праводзяцца такія сходы і ці ёсьць магчымасьць там выказаць погляды, якія не супадаюць з пазыцыяй кіраўніка краіны?

(Гайдукевіч: ) “Ну і што, да прыкладу, зьбіраў там нехта кангрэс. Гайдукевіч хацеў канфэрэнцыю. Гэта ж прыходзяць прыхільнікі. Ну і што? Гэта каму як падабаецца”.

А як тады ставіцца да ўдзелу спадара Гайдукевіча ў лукашэнкаўскім сходзе?

(Гайдукевіч: ) “Там прысутнічалі ня толькі прыхільнікі. Там жа жанчына выступала яшчэ супраць. І некалькі чалавек было. І я прэзэнтаваў якраз альтэрнатыву. І сядзеў ва ўсякім разе не як прыхільнік, і мне ніхто слова не даваў. Цяпер мяне ўжо ніхто не запросіць”.

А вось Пятро Краўчанка на гэты сход не пусьцілі, хаця ён на той час узначальваў дэпутацкую камісію ў Вярхоўным Савеце.

Спадар Краўчанка лічыць, што апазыцыянэры на такія сходы патрапіць ня могуць.

(Краўчанка: ) “Ну, я прабіваўся сілай на такі сход. Была такая падзея. Не пусьцілі фізычна”.

Былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч удзельнічаў у другім сходзе і там адбылося яго першае сутыкненьне з кіраўніком Беларусі.У сваім выступе спадар Вайтовіч сказаў, што Беларусі патрэбны замежныя інвэстыцыі.

(Вайтовіч: ) “Лукашэнка накінуўся на мяне ў літаральным сэнсе слова. Ён сказаў, што тут былы прэзыдэнт Акадэміі навук агітаваў за прыцягненьне замежных інвэстыцый, дык мы перамаглі ў вайне, не паддаліся гэтым замежнікам, а цяпер яны нас так захопяць – праз свае інвэстыцыі”.

Другі сход Аляксандар Лукашэнка таксама праводзіў перад выбарамі, у 2001 годзе. Паводле спадара Вайтовіча, гэта спроба зноў прадэманстраваць усенародную падтрымку.

(Вайтовіч: ) “Гэта бюракратычная, звычайная зьява, для таго, каб пыл у вочы пускаць. Вось і ўсё. Яна ня мае ніякага значэньня для краіны. Там не адбываецца ніякага мазгавога штурму. Усё прасейваецца, бачыце, праз сіты такія”.

Сябра штабу Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі лічыць, што спадар Лукашэнка праводзіць гэты сход дзеля таго, каб застацца ля ўлады.

(Дабравольскі: ) “Гэта проста грошы падаткаплацельшчыкаў на вецер. Гэта проста сьмешна і недарэчна, што прэм’ер-міністар краіны замест сур’ёзных дзяржаўных справаў будзе займацца правядзеньнем усенароднага сходу, на які народ ня трапіць, а трапяць толькі тыя, каго выбрала начальства”.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына адмовілася камэнтаваць прызначэньне сходу на час выбарчай кампаніі. Яна заявіла, што гэты сход ня мае адносінаў да выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG