Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі сэнатар камэнтуе візавую адмову беларускіх уладаў


Ганна Сурмач, Прага Беларускі кансулят у Празе адмовіўся выдаць візы для ўезду ў Беларусь двум сэнатарам Чэскай Рэспублікі, вядомым чэскім палітыкам Яраміру Шцеціну і Карлу Шварцэнбэргу. Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар да сэнатара Яраміра Шцеціны .

(Карэспандэнтка: ) "Спадар сэнатар, гэтая паездка ў Беларусь была б для вас першай, ці Вы ўжо некалі там пабывалі?"

(Шцеціна: ) "Я быў у Беларусі шмат разоў, калі існаваў яшчэ Савецкі Саюз, а пасьля яго распаду працаваў карэспандэнтам у Маскве і езьдзіў у Менск па службовых справах як журналіст".

(Карэспандэнтка: ) "Якая была мэта вашай новай паездкі, з кім вы зьбіраліся сустракацца ў Менску?"

(Шцеціна: ) "Гэтая наша паездка мелася быць афіцыйнай. Мы не зьбіраліся ехаць туды як турысты. Мы папрасілі візы праз замежны аддзел Сэнату і назвалі там у якасьці мэты нашай паездкі тое, што хацелі б наведаць актыўныя асяродкі сучаснай беларускай палітычнай сцэны.

Мы з сэнатарам Шварцэнбэргам хацелі сустрэцца з кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. Найперш, мы хацелі пагаварыць са спадаром Мілінкевічам, кандыдатам ад апазыцыі.

Потым мы плянавалі сустрэцца зь некаторымі беларускімі журналістамі, з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў.

Я асабіста хацеў знайсьці родных Віктара Ганчара, які, як праціўнік Лукашэнкі, зьнік, і мы ўсе мяркуем, што яго ўжо няма сярод жывых. Я хацеў адведаць ягоную сям''ю. Мы зь ім некалі правялі вельмі прыемныя хвіліны ў Менску”.

(Карэспандэнтка: ) "Ці будзеце рабіць нейкія намаганьні, каб усё ж атрымаць беларускія візы?"

(Шцеціна: ) "Я ня ведаю. Я ня думаю, што гэтыя візы мы атрымаем. Рэжым, які там кіруе, ня хоча, каб мы бачылі, што адбываецца ў Беларусі, і пра што мы маглі б з сэнатарам Шварцэнбэргам сьведчыць. Так што выглядае, што мы будзем назіраць за беларускімі выбарамі здалёку.

Цяпер у Беларусі падобная сытуацыя, якая была ў нас перад 1989 годам. Нашы дысыдэнты тады былі вельмі радыя, калі іх нехта падтрымліваў – ці гэта было проста добрае слова, ці артыкуламі ў газэтах, ці нейкім іншым палітычным крокам.

Я думаю, што ёсьць дастаткова прасторы для таго, каб нашыя недзяржаўныя арганізацыі, палітыкі падтрымалі беларускую апазыцыю, такіх магчымасьцяў ёсьць шмат. Мы ня можам забывацца на тое, што рэжым, які ёсьць ў Беларусі, не належыць да Эўропы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG