Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК адказаў на скаргу Мечыслава Грыба


Радыё Свабода У Цэнтральнай выбарчай камісіі паведамілі, што накіравалі афіцыйны адказ на скаргу кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Мечыслава Грыба наконт умяшаньня органаў улады ў выбарчы працэс і ціск на сябраў ініцыятыўнай групы. Другая скарга Мечыслава Грыба ў ЦВК цяпер разглядаецца. Тым часам Мечыслаў Грыб рыхтуе трэцюю скаргу ў ЦВК і Пракуратуру.

У першай скарзе кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна ў Цэнтравыбаркам і Пракуратуру Беларусі паведамлялася пра пагрозы і ціск на сябраў ініцыятыўнай групы з боку мясцовых уладаў, у тым ліку міліцыі і адміністрацыі прадпрыемстваў, пра перашкоды ў зборы подпісаў у інтэрнатах, на вуліцах. Як вынік, больш за дзесяць сябраў групы Казуліна вярнулі свае пасьведчаньні, паведаміў Мечыслаў Грыб.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік зазначыў “Свабодзе”, што спадару Грыбу накіраваны адказ па сутнасьці па ўсіх пунктах скаргі:

(Лазавік: ) “Сказаць, што там няма ніякіх падставаў, канечне, нельга. Таму што ні адна выбарчая кампанія не праходзіць без таго, каб хтосьці на кагосьці не крыўдаваў”.

Мікалай Лазавік зазначае, што ў скаргах Мечыслава Грыба пераважна фігуруюць факты, якія цяжка праверыць, бо не называюцца прозьвішчы. Падрыхтавалі адказ на скаргу спадара Грыба і ў Пракуратуры, аднак ён яшчэ не пасьпеў яго атрымаць.

Цяпер ЦВК і Пракуратура разглядае другую скаргу Мечыслава Грыба наконт ціску на сябраў ініцыятыўнай групы ў Слуцку і іншых гарадах. Спадар Грыб адзначыў, што яго скаргі мелі пэўны эфэкт, бо з таго ж Слуцку няма паведамленьняў пра новыя парушэньні.

(Грыб: ) “Што пішацца ў СМІ, на гэта выканаўчая ўлада ніяк не рэагуе, а калі ёсьць афіцыйная заява ў ЦВК, Пракуратуру, то хочаш ня хочаш, а рэагаваць трэба. Таму буду працягваць пісаць скаргі, таму што мы стаім на тым, каб выконваўся закон. Самі выконваем закон, падабаецца ён нам ці не, і ад іншых патрабуем гэтага”.

Спадар Грыб прызнае, што ў ягоных скаргах часам сапраўды бракуе прозьвішчаў, бо людзі баяцца іх называць. Але ў трэцяй скарзе, якая сёньня будзе ім накіраваная ў ЦВК наконт парушэньняў у Верхнядзьвінскім раёне, будуць названыя прозьвішчы супрацоўнікаў міліцыі і КДБ, якія ўціскалі сябраў ініцыятыўнай групы Казуліна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG