Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае замежжа ў 2006 годзе -- Алена Макоўская: "дзяржаўныя структуры манапалізуюць працу зь беларускай дыяспарай"


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 10 студзеня 2006) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Новы 2006 год абяцае быць багатым на падзеі ня толькі ў Беларусі, але і ў беларускім замежжы. У чарговым выпуску перадачы «Беларусы за мяжою» вы пачуеце пра тое, што сёлета будзе цікавіць вашых суайчыньнікаў за мяжой, якія падзеі маюць адбыцца ў беларускай дыяспары, на што будзе скіраваная дзейнасьць беларускіх суполак у розных краінах.

2006 год у жыцьці беларусаў за мяжою мае быць напоўненым як сьвяточнымі падзеямі, так і будзённай працай, скіраванай на падтрымку беларускай прысутнасьці ў сьвеце.

Якім бачыцца новы год кіраўнікам беларускіх аб''яднаньняў у замежжы? Пра гэта мы і пагаворым ў нашай сёньняшняй перадачы. Але напачатку пра навіну, якую мы пачулі перад выхадам гэтай праграмы ў эфір. Старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына “ Алена Макоўская паведаміла пра тое, што дзяржаўныя структуры Беларусі падрыхтавалі новы дакумэнт, які мае непасрэднае дачыненьне да працы зь беларускім замежжам:

(Макоўская: ) “Мы зараз маем інфармацыю зь неафіцыйных крыніц, што ў міністэрствы паступіў на разгляд і дапрацоўку новы праект Праграмы па супрацоўніцтву зь беларусамі замежжа. Ранейшая Праграма была прынятая ў 1993 годзе напярэдадні Першага зьезду беларусаў сьвету. Яна ня мела абмежаваньняў у тэрмінах выкананьня. Але напрыканцы 1990-х гадоў ужо стала відавочна, што яна маральна састарэла. Мы неаднаразова зьвярталіся да дзяржаўных органаў аб неабходнасьці яе дапрацоўкі”.

Вы сказалі, што атрымалі інфармацыю зь неафіцыйных крыніцаў. А хіба гэты праект не дасланы і ў “Бацькаўшчыну”, як гэта было з папярэдняй праграмай?

(Макоўская: ) “Цяпер нам не даслалі. На нашую просьбу даць і нам праект, сказалі, што праект яшчэ ня ўзгоднены з усімі зацікаўленымі, да кола якіх мы ўжо не належым, то мы гэты дакумэнт пабачыць ня можам.

Але нам стала вядома, што ў новай Праграме ёсьць некаторыя пункты, якія датычацца непасрэдна "Бацькаўшчыны". Менавіта, там прадугледжана скасаваньне адмысловай пастановы Савета міністраў аб нашай арганізацыі, якая была прынятая ў 1992 годзе і якая давала нам пэўныя магчымасьці і ільготы, прызнавала значнасьць дзейнасьці нашай грамадзкай арганізацыі ў справе працы зь беларускім замежжам. Гэта азначае, што цяперашнія дзяржаўныя структуры фактычна манапалізуюць працу зь беларускай дыяспараю”.

Калі праект новай Праграмы стане больш даступным, магчыма, мы зьвернемся да гэтай тэмы ў адным з наступных выпускаў нашай перадачы. Пакуль нам таксама не вядома, які ўдзел у распрацоўцы праекта прынялі самыя замежныя беларусы, якіх гэты дакумэнт тычыцца непасрэдна, ці знаёмыя яны з праектам. Сёньня мы толькі можам канстатаваць факт, што ў надышоўшым годзе чакаюцца зьмены ў сфэры ўзаемаадносінаў беларускай дзяржавы з дыяспарай.

Трэба нагадаць, што зараз зьмянілася і кіраўніцтва службай Камітэту па справах рэлігіі й нацыянальнасьцяў, якое займаецца справамі дыяспары. Былы міністар культуры Леанід Гуляка ачоліў пасаду старшыні гэтага камітэту. Як гэта ўспрымаецца ў “Бацькашчыне”?

(Макоўская: ) “Цяжка сказаць, мы можам толькі спадзявацца, што можа некаторыя пытаньні будуць вырашацца лягчэй. Цяжка неяк камэнтаваць, усё залежыць ад гэтай дзяржаўнай Праграмы, ад тых сродкаў, якія будуць выдзяляцца і ад таго, ці будзе працягвацца гэтая палітыка падзелу дыяспары на сваю і чужую”.

Дарэчы, саму “Бацькаўшчыну “ у гэтым годзе, магчыма, чакаюць праблемы з памяшканьнем, якое яна некалі атрымала ад гарадзкіх уладаў у арэнду ў 1992 годзе. Будынак на вуліцы Рэвалюцыйнай 15 плянуецца закрыць на капітальны рамонт. Ці ня стане гэта нагодай для пазбаўленьня “Бацькаўшчыны” ягонай сядзібы?

(Макоўская: ) “Вядома, мы будзем зьвяртацца ў Мінгарвыканкам аб прадстаўленьні нам часовага памяшканьня, а таксама будзем рабіць захады дзеля таго, каб "Бацькаўшчына" вярнулася ў гэты будынак.

Мы лічым, што гэты гістарычны будынак не павінен выкарыстоўвацца пад рэстаран, ці пад краму. У адпаведнасьці зь мінулай праграмай "Беларусы ў сьвеце" і пастановай Савета міністраў у гэтым будынку плянавалася стварэньне "Беларускага дому". І ўвесь час "Бацькаўшчына" сумесна з Цэнтрам імя Францішка Скарыны, які разьмешчаны ў гэтым жа будынку, працавалі дзеля гэтага. Ёсьць ужо бібліятэка беларускай дыяспары, зьбіраюцца архівы”.

Якія пляны мае Згуртаваньне “Бацькаўшчына” на гэты год?

(Макоўская: ) “Плянаў у "Бацькаўшчыны" дастаткова шмат на гэты год, яны пераважна зьвязаныя з рэалізацыяй тых прапановаў, якія гучалі на Чацьвёртым зьезьдзе беларусаў сьвету, што адбыўся ў мінулым годзе.

Найперш, гэта падрыхтоўка да стварэньня энцыкляпэдыі "Беларуская дыяспара", у межах гэтай працы мы будзем абвяшчаць конкурс сярод маладых навукоўцаў Беларусі па тэме "Беларускае замежжа". Таксама плянуецца далейшае пашырэньне нашай выдавецкай сэрыі "Бібліятэка "Бацькаўшчыны", рыхтуюцца да друку кнігі – "Ваенная проза беларускай эміграцыі", кніга публікацый па старонках газэты "Беларус", "Успаміны Барыса Рагулі".

Будзем адзначаць юбілейныя даты ў памяць вядомых дзеячаў – Міколы Улашчыка і Антона Луцкевіча.

Плянуем выдаць шэраг мэтадычных дапаможнікаў для беларускай дыяспары. Цяпер "Бацькаўшчына" працуе над выданьнем з дапамогай Ірэны Каляды "Практыкуму па беларускім літаратурным вымаўленьні". Гэта будзе і кніга – мэтадычны падручнік, і тры аўдыё-дыскі.

Нядаўна мы перадалі ў Беласток спэцыяльную літаратуру, каб у дзіцячых нядзельных школах ішло выкладаньне на беларускай мове. Мы зьвярнуліся з адмысловым лістом да праваслаўнай царквы на Беласточчыне наконт гэтай справы, спадзяемся, што ў гэтым годзе ў нас атрымаецца наладзіць больш шырокую дасылку беларускамоўнай літаратуры для нядзельных школак.

Вядома, намі плянуюцца і мерапрыемствы сумесна зь беларускімі асяродкамі ў замежжы. Цяпер ідуць перамовы зь беларусамі Масквы аб ушанаваньні памяці Міколы Улашчыка да стагодзьдзя ад ягонага нараджэньня.

Мы распачалі перамовы аб правядзеньні Форуму беларусаў, якія жывуць на беларускіх этнічных землях у суседніх зь Беларусьсю краінах. Хутчэй за ўсё месцам правядзеньня стане Польшча, Беласточчына”.

***

А што лічаць найбольш актуальным у бягучым годзе беластоцкія беларусы? Гэтае пытаньне я задаю старшыні Беларускага саюзу ў Польшчы Яўгену Вапу зь Беластоку

(Вапа: ) "Для беларусаў Беласточчыны ў гэтым годзе адбудуцца дзьве важныя падзеі ў культурным і грамадзкім жыцьці. Найперш, 50-годзьдзе тыднёвіка "Ніва", ягоны першы нумар выйшаў 4 сакавіка 1956 году.

Другая справа, вельмі важная для нас, гэта выбары ў самакіраваньне. Удзел беларусаў у гэтых выбарах сьведчыць пра нашую грамадзкую і палітычную актыўнасьць на ўзроўні самакіраваньня. І гэта важна таму, што зараз у нас усё больш пытаньняў, якія тычацца нацыянальнасьцяў, перадаюцца ў кампэтэнцыю самакіраваньня. Гэтая падзея будзе вымагаць ад нас пэўных вялікіх дзеяньняў".

Сёлета адбудуцца і ў Беларусі, ці цікавяць вас падзеі ў Беларусі?

(Вапа: ) “Вядома, лёс нашай духоўнай бацькаўшчыны неабыякавы кожнаму беларусу, дзе б ён ня жыў. Будзем назіраць, чакаць ці стане Беларусь сапраўды беларускай дзяржавай, дэмакратычнай і незалежнай. Хочацца верыць у лепшае”.

***

Сёлетні год юбілейны ня толькі для беластоцкай “Нівы”, але і для “прамаці” ўсяго беларускага друку – газэты “Наша Ніва”, якая пачала выдавацца ў Вільні 10 лістапада 1906 году. Сёлета будзе яе 100-гадовы юбілей. Напэўна, гэтая дата будзе адзначана ўсімі беларусамі, незалежна ад месца жыхарства, але, найперш, віленскімі беларусамі.

Як сказаў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька, яны разьлічваюць, што галоўным арганізатарам сьвята будзе рэдакцыя сучаснай “Нашай Нівы”, а яны ахвотна далучацца.

(Нюнька: ) “Сапраўды, гэта вельмі значныя падзеі. Мы таксама далучымся да сьвяткаваньня. Што мы яшчэ плянуем? Мы ў Вільні ўжо зрабілі 9 мэмарыяльных дошак, прысьвечаных выдатным беларускім дзеячам. Цяпер робім захады, каб устанавіць дошку ў памяць Максіма Гарэцкага. Я ўжо падаў дакумэнты ў гарадзкую ўправу. Гэта мела б быць на будынку былой Беларускай гімназіі.

Мы ўжо правялі тры канфэрэнцыі, ці як іх называлі – Сустрэчы беларусаў краінаў Балтыі. А цяпер якраз у гэтым годзе пройдзе чатыры гады ад мінулай і трэба праводзіць наступную. Я зьвяртаюся да беларусаў Польшчы, цяпер прыйшла іх чарга, другі варыянт – гэта маглі быць Эстонія ці Латвія, але там мабыць менш магчымасьцяў. У Польшчы інтэлектуальны патэнцыял беларусаў нашмат большы”.

***

Юбілейныя урачыстасьці, выглядае, чакаюць сёлета і беларусаў Вялікабрытаніі. 60 гадоў споўніцца найбольшай беларускай арганізацыі ў гэтай краіне – Згуртаваньню беларусаў у Вялікабрытаніі. Аднак, ад саміх сяброў Згуртаваньня будзе залежаць, калі яны вырашаць адзначаць юбілей. Справа ў тым, што фактычнае і юрыдычнае стварэньне арганізацыі не супадаюць па датах.

Кіраўнік Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны а. Аляксандр Надсан быў сярод першых, хто закладаў арганізацыю і добра памятае, як гэта сталася.

(Надсан: ) “Я быў ня самы першы, але сярод першых. Ініцыятыва была з боку тых беларусаў, якія былі ў польскім войску. У 1946 годзе яны пачалі прыяжджаць сюды ў Англію. Першымі пачалі Вінцэнт Жук-Грышкевіч і Віктар Сянкевіч. Ім удалося дабіцца да польскага ваеннага штабу, каб яны далі адмысловы дазвол жаўнерам-беларусам польскага войска належаць да ЗБуВБ, гэта было афіцыйна абвешчана загадам.

У сапраўднасьці Згуртаваньне пачало дзейнічаць у 1946 годзе, а першы, устаноўчы зьезд прайшоў 19 студзеня 1947 году, але на той час арганізацыя ўжо існавала ад лета 1946 году”.

Да юбілею ангельскіх беларусаў чакае падарунак.

(Надсан: ) “Чакаем выхаду кнігі Гардзіенкаў, Натальля і Алег пішуць кнігу пра беларусаў у Вялікабрытаніі, магчыма, напрыканцы году гэтая кніга выйдзе”.

Айцец Аляксандр, а што плянуе бібліятэка?

(Надсан: ) “На восень хацелася б зрабіць нейкую міжнародную канфэрэнцыю, недзе перад пачаткам новага акадэмічнага году, у верасьні”.

***

Клопатамі пра ўмацаваньне арганізацыі будзе заняты ў гэтым годзе новы старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч.

За галоўныя ён лічыць два накірункі працы:

(Эльяшэвіч: ) “Дзьве рэчы я б адзначыў. Па-першае, гэта структурнае будаўніцтва, структурнае ўзмацненьне Згуртаваньня. У нас ёсьць некалькі нявырашаных пытаньняў у пляне вызначэньня профілю дзейнасьці арганізацыі, як некамэрцыйнай структуры. Нам трэба трохі канкрэтней акрэсьліць мэты арганізацыі і ўзаемадзейнічаць з тутэйшымі ўладамі і нацыянальнымі тутэйшымі суполкамі па агульных праектах, каб дастаць нейкія фінансавыя датацыі, гранты ад мясцовых уладаў.

І другое – гэта прыцягненьне большай колькасьці людзей да ўдзелу ў дзейнасьці арганізацыі. Нам трэба мацней паставіць арганізацыю на ногі”.

***

Імкнуцца больш пэўна паставіць на ногі сваю суполку “Сьвітанак” і беларусы Кыргызстану. Як сьведчыць намесьнік старшыні суполкі Павал Дзяхцярык зь Бішкеку, пасьля вядомых рэвалюцыйных падзеяў у гэтай краіне яны страцілі матэрыяльны падмурак.

(Дзяхцярык: ) “Цяжка ў матэрыяльным сэнсе, мы раней выпускалі сваю газэту. Але тыя рэвалюцыйныя падзеі, якія тут адбываліся, у той час нашыя спонсары моцна пацярпелі ад пагромаў. Таксама раней у нас былі сумесныя фірмы зь Беларуссью, але і беларусы нас трохі падвялі, нашыя грошы захрасьлі ў Беларусі”.

У бягучым годзе адзначаць адметную дату беларусы ў Латвіі, споўніцца 85 гадоў ад дня стварэньня вядомай беларускай арганізацыі “Бацькаўшчына”.

***

55 гадоў таму запачаткавалі сваю арганізацыю беларусы ў Аўстраліі.

Якія праблемы сёньня існуюць у беларускім руху ў гэтай краіне гаворыць Віктар Кавалеўскі – старшыня Беларускага аб''яднаньня ў Паўднёвай Адэлаідзе.

(Кавалеўскі: ) “У нас ў Адэлаідзе тых людзей, якія маглі б узяць у свае рукі справу цяпер ужо мала, амаль нікога няма. З новай эміграцыі ёсьць людзі, але яны вельмі прасавецкія.

Мы некалі маглі арганізоўваць справы, але сёньня мы вырашылі займацца толькі рэпрэзэнтацыйнай і інфармацыйнай дзейнасьцю”.

Вы маеце на ўвазе свой часопіс “Новае жыцьцё”? Ці будзеце выдаваць яго далей?

(Кавалеўскі: ) “Раз на год я выдаю часопіс "Новае жыцьцё", зараз рыхтую пяты нумар, пляную выдаць у сакавіку-красавіку.

Гэты часапіс мне вельмі шмат дапамагае ў падрыхтоўцы маёй кнігі "А хто там ідзе?". Гэтая кніга амаль ужо гатовая. Я пачаў працаваць над ёю разам з а. Міхасём Бурносам. Гэта дакумэнтальны зборнік пра беларусаў у Аўстраліі”.

***

Іншыя, адрозна ад аўстралійскіх беларусаў, праблемы хвалююць сёлета кіраўніка Нью-ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) Віталя Зайку.

(Зайка: ) "У самым цэнтры ўвагі для нас застаецца праца з моладзьдзю, мы маем усё больш і больш маладых людзей, якія прыяжджаюць у Нью-Ёрк. Насьпела патрэба ў стварэньні нейкай больш эфэктыўнай структуры, якая аб''яднала б моладзь. Дзеля гэтага мы плянуем правесьці 28 студзеня маладзёвы сэмінар.

У гэтым годзе павінна адбыцца чарговая Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі і наш Нью-ёрскі аддзел БАЗА возьме актыўны ўдзел у падрыхтоўцы. Мяркуецца, што сустрэча будзе адбывацца ў Нью-Джэрсі. Было заплянавана правесьці яе ў Чыкага, але там адбыліся такія падзеі – нядаўна памёр вядомы актыўны дзеяч Мікола Латушкін, пераход на іншую парафію а. Башко, і яны ня змогуць арганізаваць гэта мерапрыемства.

Калі гаварыць пра пэрсаналіі, то плянуем адзначаць 80-гадовы юбілей Янкі Запрудніка і нашых іншых сяброў БАЗА".

(Сурмач: ) "Новы год ставіць новыя задачы і перад нашай перадачаю, хацелася б, каб яна адпавядала патрабаваньням часу, каб была больш дынамічнаю, разнастайнаю. І тут шмат будзе залежыць ад вас, шаноўныя слухачы.

Добра было б каб вы больш кантактавалі з нашым радыё, выказвалі свае пажаданьні, пра што вы хацелі б пачуць у нашай перадачы. Маю асобную просьбу да замежных беларусаў, каб трымалі сувязь з намі і паведамлялі пра тое, што адбываецца ў вашых суполках, што вас хвалюе. Праз нашу перадачу вы таксама можаце знаходзіць кантакты са сваімі суайчыньнікамі ў розных краінах.

Так сумеснымі высілкамі мы зможам утрымліваць еднасьць між беларусамі ў сьвеце і на Бацькаўшчыне, каб спрыяць разьвіцьцю нацыі і прысьпешыць зьмены да лепшага ў самой Беларусі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG