Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты сканфіскавалі пяць тысяч каляндарыкаў Мілінкевіча


Радыё Свабода На чыгуначнай станцыі ў Мастах шасьцёра міліцыянтаў сустрэлі Яўгена Скрабутана з Горадні, якога чакаў Алесь Зарэмбюк — дэпутат Мастоўскага райсавету, сябра ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча. Абодвух даставілі ў райаддзел міліцыі, дзе сканфіскавалі пяць тысяч каляндарыкаў са здымкам Аляксандра Мілінкевіча і відэакасэту зь фільмам “Звычайны прэзыдэнт”.

На станцыі міліцыянты запатрабавалі расчыніць торбу, якую прывёз Я.Скрабутан. А.Зарэмбюк сказаў, што гэта ягоная торба і прапанаваў міліцыянтаў самім расчыніць яе, аднак яны адмовіліся гэта зрабіць і павезьлі хлопцаў у РАУС.

Міліцыянты спасылаліся на тое, што ў цягніку, які прыйшоў з Горадні, у аднаго з пасажыраў нібыта быў скрадзены мабільны тэлефон.

У пастарунку міліцыянты пералічылі каляндарыкі і склалі два пратаколы на Яўгена Скрабутана — догляду і канфіскацыі рэчаў і — адміністрацыйнага затрыманьня.

Алесь Зарэмбюк мне сказаў, што потым прыехала загадчыца ідэалягічнага аддзелу Мастоўскага райвыканкаму Натальля Дубіцкая, яна прысутнічала пры праглядзе відэакасэты, і пасьля паставіла свой подпіс у тлумачэньнях, якія напісалі Зарэмбюк і Скрабутан.

Паводле А.Зарэмбюка, міліцыянты невыпадкова чакалі на чыгуначнай станцыі ягонага сябру.

(Зарэмбюк: ) “Міліцыянты ўвесь час атрымоўвалі загады аднекуль звыш, ім стала вядома інфармацыя пра гэта хутчэй з нашых тэлефонных размоваў”.

Алеся Зарэмбюка і Яўгена Скрабутана пратрымалі ў пастарунку больш за дзьве гадзіны і ў 19.40 адпусьцілі іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG